Пачобута будзе бараніць адвакат Маркевіча і Мажэйкі

У справе замяшанае таксама гродзенскае КДБ. Пра гэта распавёў сам журналіст у гутарцы з Еўрарадыё.

Пачобут: "Рашэнне пра ўзбуджэнне крымінальнай справы прыняў пракурор Гродзенскай вобласці Марозаў, калі ён знаёміўся з матэрыяламі праверкі, якую праводзіла гродзенскае КДБ. Пачатая справа па артыкуле "Знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". КДБ выставіла прэтэнзіі да васьмі маіх артыкулаў у газеце "Gazeta Wyborcza", аднаго артыкула на "Белорусский Партизан" і аднаго артыкула з майго прыватнага блогу. Вось гэтыя матэрыялы пракуратура палічыла зняважлівымі для гонару і годнасці прэзідэнта Беларусі. Мой статус на сённяшні момант — падазроны".

Пачобут кажа, што ён не збіраецца ані з'язджаць з краіны, ані спыняць працу:

Пачобут: "Збіраюся далей працаваць у "Gazeta Wyborcza", пісаць блог на "Белорусский Партизан", пісаць далей свой блог. Што далей улады збіраюцца рабіць, мне цяжка казаць. Калі пачынаецца крымінальная справа, то мэта гэтай справы — давядзенне яе да суду і пакаранне. Ва ўмовах Беларусі трэба лічыцца з тым, што я магу быць арыштаваны".

Нагадаем, што ўжо былі выпадкі, калі журналістаў судзілі за абразу кіраўніка краіны. Гэта былі землякі Пачобута гродзенцы Павел Мажэйка і Мікола Маркевіч, а таксама мінчук Віктар Івашкевіч. Паводле гэтага артыкула вінаватаму пагражае да 2 гадоў пазбаўлення волі.

Пачобут звярнуўся па дапамогу да адваката. Але абаронца крытычна ацэньвае шанцы на перамогу:

Пачобут: "Адвакаты цяпер вельмі моцна запалоханыя, бо зараз пазбаўляюць адвакатаў ліцэнзій. Я знайшоў адваката — гэта Аляксандар Бірылаў. Ён дастаткова песімістычна глядзіць на гэтую справу, улічваючы тое, што ён раней бараніў Маркевіча і Мажэйку".

Журналіст кажа, што ён не збіраецца пакідаць Беларусь і прасіць палітычнага прытулку ў Польшчы. Аднак не сумняваецца, што польская грамадскасць будзе гучна абмяркоўваць яго справу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі