Вы тут

Пачаўся збор подпісаў пад зваротам да суда ў справе філосафа Мацкевіча

Уладзімір Мацкевіч / З архіву Еўрарадыё

Кампанія салідарнасці з палітвязнем Уладзімірам Мацкевічам "Філосаф у турме" пачала збор подпісаў пад адкрытым зваротам акадэмічнай супольнасці і дзеячоў культуры да Вярхоўнага суда і Мінскага гарадскога суда. Ініцыятары — вучні і калегі філосафа. У звароце змешчана патрабаванне "аб'ектыўнага і адкрытага суда". Яго аўтары падкрэсліваюць, што "доступ зацікаўленай грамадскасці на судовае пасяджэнне павінен быць забяспечаны і гарантаваны". Як вядома, нярэдка палітычныя працэсы ў Беларусі робяць закрытымі.

"Тое, што вядома зараз аб сутнасці абвінавачанняў, уступае ў сур’ёзныя супярэчнасці з публічнай інфармацыяй, якая з’яўляецца даступнай нам, акадэмічнай грамадскасці і грамадству агулам", — гаворыцца ў звароце. Яго аўтары называюць Уладзіміра Мацкевіча "адным з самых паслядоўных абаронцаў незалежнасці і суверэнітэту Беларусі", вядомым "сваёй прыхільнасцю да дэмакратычных каштоўнасцяў і грамадскага дыялогу".

Пра тое, што крымінальную справу філосафа Уладзіміра Мацкевіча перадалі ў Мінскі гарадскі суд, стала вядома 14 красавіка. Яго абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: "актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак...", "стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем шляхам аб'яднання групы грамадзян", а яшчэ "абраза" Аляксандра Лукашэнкі.

Мацкевіч знаходзіцца за кратамі з 4 жніўня 2021 года, яго ўтрымліваюць у СІЗА № 1. Зімой 13 дзён ён трымаў галадоўку — патрабаваў выпусціць яго пад падпіску аб нявыездзе, завяршыць расследаванне і прызначыць дату суда.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.