Пачаўся спектакль “Свабоднага тэатра”, міліцыя зноў побач

Спектакль “Свабоднага тэатра” па п’есе Эдварда Бонда “11 кашуляў” пачаўся а 19-й гадзіне. Праўда, не ў сталіцы, а ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Акцёры, рэжысёры і гледачы рознымі шляхамі прабіраліся да месца пастаноўкі.

Нагадаем, учора спецназ і супрацоўнікі КДБ перашкодзілі яго правядзенню
ў сталіцы, былі затрыманыя 50 чалавек, якіх выпусцілі праз некалькі
гадзін. Сёння “Свабодны тэатр” вырашыў усё ж зладзіць прэм’еру.

З месца
падзеі паведамляе наш карэспандэнт Віталь Малькевіч:


“Прэзентацыю спектакля планавалася правесці недалёка ад Мінску ў адным
з прыватных катэджаў. Неўзабаве пасля таго, як пачалася рэпетыцыя,
некалькі разоў пад’язжаў мясцовы ўчастковы, ён перапісаў пашпартныя
дадзеныя ўсіх, хто знаходзіўся падчас рэпетыцыі.

Меркавалася, што будзе
адзін аўтобус, які з пэўнага месца забярэ ўсіх жадаючых і прывязе сюды.
Паступіла інфармацыя, што гэты аўтобус не прапусцяць, таму яго давялося
адмяніць. Людзі самастойна дабіраліся на машынах.

У выніку на павароце
да гэтага катэджа з’явіліся міліцыянты, якія паведамілі, што чакаюць
сапёраў. Аказваецца дарога… замініраваная. І людзям даводзілася
пакідаць свае машыны і праз лес дабірацца да месца”.

Як нам стала вядома, машыны ўсё ж прапусцілі. Аднак у катэдж ужо прыйшлі некалькі міліцыянтаў і людзей у цывільным. Яны перапісалі пашпартныя звесткі прысутных і нумары сямі аўтамабіляў.

Пасля гэтага трое міліцыянтаў (два капітаны і маёр) ды чалавек у цывільным сышлі.

А 19-й гадзіне пачаўся спектакль. Сярод некалькіх дзесяткаў гледачоў - Аляксандр Мілінкевіч, Іна Кулей, дыпламаты.

Фота — www.dramaturg.org/