Вы тут

Пачалася эксгумацыя парэшткаў брата Кастуся Каліноўскага

hrodna.life

У Свіслачы праходзіць эксгумацыя парэшткаў Віктара Каліноўскага — гэта родны брат Кастуся Каліноўскага, які ўвайшоў у гісторыю як кіраўнік паўстання 1863 года. Эксгумацыя патрэбная дзеля таго, каб канчаткова ідэнтыфікаваць парэшткі славутага выдаўца "Мужыцкай праўды".

Як піша hrodna.life, за працэсам з боку грамадскасці назірае праваабаронца, журналіст і публіцыст Уладзімір Хільмановіч. Таксама прысутнічаюць мясцовыя актывісты. Свіслацкі грамадска-палітычны актывіст Юры Глебік для галоснасці і кантролю над гэтым працэсам з боку грамадства на прапанову Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь увайшоў у пратакольную групу.

Прадстаўнікі СК паабяцалі, што пасля заканчэння працы магіла Віктара Каліноўскага будзе адноўленая ў першапачатковым выглядзе.

У Свіслач прыехалі навукоўцы з Літвы, якія заявілі, што хочуць ідэнтыфікаваць парэшткі Кастуся Каліноўскага, а іншых зачэпак, акрамя як парэшткі яго роднага брата, яны не маюць.

Зрэшты, знайсці ў магіле парэшткі самога Віктара Каліноўскага надзеі мала: на тэрыторыі могілак будаваўся храм, мяняліся параметры тэрыторыі, ссоўваліся надмагільныя пліты, а таксама хаваліся іншыя нябожчыкі. Але дл навукоўцаў такія раскопкі адзіны шанец даведацца праўду.

У ліпені 2017 года ў Вільні падчас раскопак на гары Гедзіміна выявілі парэшткі 20 паўстанцаў 1863 года. Літоўскія археолагі мяркуюць, што сярод іх быў і Кастусь Каліноўскі — верагоднасць 95%.

Даследчыкі не змаглі зрабіць генетычную экспертызу, бо ў Каліноўскага не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, каб атрымаць матэрыял для параўнання.