Вы тут

У Вільні знайшлі парэшткі Кастуся Каліноўскага — дакладнасць 95%

Кастусь Каліноўскі. Прыжыццёвае фота

Літоўскія навукоўцы на 95% упэўненыя, што знайшлі парэшткі Кастуся Каліноўскага — кіраўніка паўстання 1863-1864 гадоў, піша TUT.by

Парэшткі 20 паўстанцаў былі выяўленыя ў ліпені 2017 года падчас раскопак на гары Гедзіміна. "Па нашай грубай ацэнцы, з дакладнасцю 95% мы можам пацвердзіць, што адны з гэтых парэшткаў належаць Канстанціну Каліноўскаму", — прыводзіць TUT.BY словы прафесара кафедры анатоміі, гісталогіі і антрапалогіі Віленскага ўніверсітэта Рымантаса Янкаўскаса.

Даследчыкі не змаглі зрабіць генетычную экспертызу, бо ў Каліноўскага не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, каб атрымаць матэрыял для параўнання.

Да высновы, што парэшткі належаць менавіта Кастусю Каліноўскаму, навукоўцы прыйшлі метадам выключэння ўсіх астатніх. Акрамя таго ўлічваліся ўзрост, спосаб пакарання, а таксама праводзілася параўнанне чэрапа і фатаграфіі. Для гэтага навукоўцы правялі падрабязныя даследаванні ўсіх астатніх парэшткаў. Іх вынікі прафесар называе максімальна дакладнымі.

"Не супадаў альбо ўзрост, альбо спосаб пакарання. Каліноўскі, напрыклад, быў павешаны, а трапляліся парэшткі расстраляных з раненнямі ў вобласці грудной клеткі. Некалькі чалавек ідэнтыфікаваныя па генетычных аналізах. У тым ліку па матэрыялах сваякоў, пахаванні якіх ёсць на могілках у Вільні. Для гэтага было зроблена чатыры эксгумацыі і ўзятыя пробы. Мы не спяшаліся з высновамі, пакуль не былі даследаваныя ўсе астатнія. Зараз мы маем дадзеныя па кожным", — распавядае Янаўскас.

Не знойдзеныя толькі парэшткі яшчэ аднаго паўстанца — Станіслава Ішоры. Навукоўцы маюць генетычны матэрыял двух яго нашчадкаў па мужчынскай лініі — з Літвы і Польшчы. 

Цяпер усе парэшткі захоўваюцца на факультэце медыцыны Віленскага універсітэта. Пазней іх перапахаваюць у капліцы на віленскіх могілках Росы.