Вы тут

Па Мінску прайшоўся бразільскі карнавал (фота)

17 верасня вуліца Кастрычніцкая ў Мінску ператвараецца ў Vulica Brasil. Сёння тут адбываецца Minsk Festival 2016 і своеасаблівая справаздача беларуска-бразільскага фестывалю вулічнага мастацтва, які стартаваў у сталіцы яшчэ 25 жніўня і за тры тыдні зрабіў для горада восем новых стрыт-арт-аб'ектаў. Да таго ж якая Vulica Brasil без карнавалу? 

Таму не дзіва, што на вуліцы грыміць аркестр бубначоў Batucada Vulica Brasil, пад рытмы якіх танчаць дзяўчаты ў пер'ях. На вялікай сцэне адзін за адным граюць музыкі, якія дагэтуль "не выходзілі за межы рок-клуба TNT" (The Bangalors), музыкі, якія з поспехам граюць на еўрапейскіх фэстах, але пакуль не выклікаюць давер у мясцовых арганізатараў (Трыа Ягора Забелава ды Teleport), яшчэ музыкі, якіх ведаюць усе (Navi, Drum Ecstasy & Klaxons Brass). А таксама ўдзельніца бразільскага тэлешоў The Voice Brasil, самба-спявачка Ju Moraes з гуртом Samba D’Ju

Ju Moraes

Па пешаходнай вуліцы Brasil разняволена гуляюць стылёва апранутыя людзі рознага ўзросту. Апроч як рабіць сэлфі на фоне новых муралаў і слухаць музыку (а ў сувязі з холадам, які "напаў" на Мінск, асабліва не настаішся), яны могуць паесці эка-ежы: яе шмат, можна сказаць, на любы густ, смачная, але і не нятанная.

Можна пабадзяцца па "Open Шкаф" і набыць сабе чаго рарытэтнага і прыгожага, завітаць у адукацыйную прастору 34 Media Day і паслухаць разважанні на тэмы перапляцення медыя і гораду, паўдзельнічаць у танцавальным джэме ад "Каракуляў" ну і патанчыць пад дыджэяў на адмысловай малой сцэне. 

Здаецца, нічога асаблівага, а людзям падабаецца. Як кажуць наведвальнікі, "мы нібыта ў Берліне, хоць і ненадоўга".

 

Мастакі і арганізатары Vulica Brasil падчас афіцыйнай часткі
Аркестр бубначоў
Дзяўчаты ў духу "рабыні Ізаўры"
Максім Жбанкоў разам з жонкай Дашай прадае на Jam Market цыбулевы мармелад