Вы тут

Па БТ сказалі, што Беларусь апярэдзіла Кітай, Індыю і ЗША. Як гэта атрымалася?

pexels.com

Дзякуючы Парку высокіх тэхналогій Беларусь "значна апярэджвае Расію, ЗША, Кітай, Індыю, Японію і Паўднёвую Карэю і многія іншыя тэхналагічныя краіны". Пра гэта нам расказалі ўчора ў "Галоўным эфіры" на тэлеканале "Беларусь 1". Няўжо гэта праўда і наш сціплы ПВТ усіх заткнуў за пояс?

Справа ў тым, што для параўнання быў выбраны паказчык, які прадстаўляе Беларусь у выгадным святле: экспарт камп'ютарных паслуг на душу насельніцтва. На пачатак 2019 года для Беларусі гэты паказчык быў роўны $108 і наша IT-краіна сапраўды абганяла ЗША ($58), Індыю ($40), Кітай ($20) і іншыя дзяржавы.

Лічба выглядае важка, калі не задумвацца над тым, наколькі насельніцтва Беларусі меншае за насельніцтва іншых краін. У Кітаі жыве ў 145 разоў больш людзей, чым у нашай краіне, а экспарт камп'ютарных паслуг з яго ўсяго ў 5,5 раза меншы за беларускі. Тая ж сітуацыя з Індыяй (людзей у 136 разоў больш, а экспарт з IT-сферы меншы ўсяго ў 2,5 раза), ЗША (людзей у 34 разы больш, а экспарт камп'ютэрных паслуг меншы ўсяго ў 2 разы) і гэтак далей.

Калі пералічваць любы эканамічны паказчык per capita, гэта значыць на душу насельніцтва, то краіна будзе выглядаць тым лепш, чым менш людзей у ёй жыве. Насельніцтва Беларусі за апошнія 25 гадоў скарацілася амаль на 500 тысяч чалавек. Але навошта ж гэтым выхваляцца?