Open Space "Pressure"

Музыкі перачакалі 2 гады пасля выхаду дэбютнага альбома "Deal With Silence" і запісалі цяжкавасценькую па гучанні, але лёгкую для ўспрыяцця пласцінку "Pressure". Паўза паміж дэбютным альбомам і новай пласцінкай расцягнулася на 2 гады. Тым не менш новая кружэлка ад Open Space нечаканых знаходак не ўтрымлівае. Асноўная тэма і ідэя "Pressure" – узаемаадносіны людзей ў розных жыццёвых сітуацыях. Як і належыць узросту і стылю гурта – хапае тут і гісторый кахання (I Want You To Know), і сяброўскіх драм (I Have A Dream), і нейкіх крыху за вушы прыцягнутых тэмаў з жыцця – кшталту песні пра вулічных прадаўцоў кніг (Bookseller ) . Дарэчы, менавіта на  песню "Bookseller" Open Space робяць асноўную стаўку альбома і прарочаць ёй славу "Beautiful" з першага альбома. З яе і пачнем.

Bookseller_0.mp3

Самі Open Space характэрызуюць альбом як музыку актыўнага дня, якая мусіць вучыць слухачоў галоўнаму жыццёваму правілу – не здавацца і заўжды імкнуцца наперад. Як мінімум пра гэта жыццесцвярджальная песня "Let It Go".

Let it Go_0.mp3

Па агульным успрыяцці ў параўнанні з дэбютнай пласцінкай, "Pressure" значна больш моцны, дапрацаваны, дарослы. Значна палепшылася вымаўленне музыкаў. Стала больш драйвовых і дынамічных песень. Яшчэ адзін козыр новай пласцінкі  – якасны гук, створаны ўкраінскім саўндпрадзюсерам Змітром Іванеем ("Океан Ельзи", "Green Grey", Ані Лорак ды інш.)

Пяшчотны гімн Do You Remeber  музыкі прысвяцілі сваёй супрацы з ААН і місіі Y-peer, якую зараз гурт і прадстаўляе ў Беларусі. Як і чакаецца ад такога кшталту песень, Do You Remeber атрымалася  хоць і салодкай, амаль прытарнай, але ўсё ж адначасова вельмі кранальнай і натхняючай. У лепшых традыцыях тужлівых песень на востра-сацыяльныя тэмы. Для паўнаты карцінкі не хапае толькі адпаведнага відэа. Але, неяк мне думаецца, што Open Space “падмітусяцца” і здымуць на яе кліп, які з радасцю расцягнуць усе тэлеканалы.

Do You Remeber_0.mp3

Песні "Pressure" нібыта выцякаюць адна з другой. Музычна ў Open Space стала меньш цукровага аптымізму першага альбому. Некаторыя кампазіцыя гучаць жорстка і часам нават няветліва – да прыкладу “духапад’ёмны” баевік Black Heart Queen.

Black Heart Queen_0.mp3

Песняй, якая дала назву альбому, "Under Pressure" Open Space упэўнена даюць усім зразумець, што пасля выхаду першага альбома каманду відавочна не даацанілі, пад гэтым самым “ціскам” бясконцай крытыкі. І прапануюць прыглядзецца да іх творчасці паўважлівей.

Under Pressure_0.mp3

У агульным, альбом Open Spaceс і насамрэч поўніцца радыёхітамі. Праўда, наўрад ці шмат каму ён па-сапраўднаму замарочыць галаву ды надоўга затрымаецца ў плэй-лісце ўласнага плэеера. Адно дакладна – дзяўчатам старэйшага школьнага ўзросту ці студэнтам і ахвочым да “трэндавага” вобліку хіпстэрам спадабаецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі