OK Go не спыняюцца і прадстаўляюць хлебны кліп (глядзець)

Амерыканскі гурт OK Go працягвае здымаць нестандартнае відэа. Гэтым разам музыкі прэзентавалі хлебны мультфільм у якасці кліпа на песню "Last Leaf" з альбома "Of the Blue Colour of the Sky", паведамляе Gigwise.  Як і папярэднія ролікі калектыву, відэа адрозніваецца выключнай прастатой і арыгінальнасцю. Кліп створаны на аснове тысяч хлебных тостаў са змешчанымі на іх маленькімі малюначкамі, якія пры хуткім "перагортванні" ствараюць ілюзію анімаванага кіно.

Паведамляецца, што для стварэння відэа было выкарыстана 2430 лустачак хлеба, а працэс вымалёўкі дэталяў, здымак і мантажу заняў некалькі тыдняў.

Ролік на "Last Leaf" - першы, зняты без удзелу музыкаў гурта. Нагадаем, што ў папярэднім кліпе - "White Knuckles" - рокеры здымаліся ў кампаніі дрэсіраваных сабак, у "End Love" - выгульвалі ручную качку ў гарадскім парку, а ў "This Too Shall Pass" стваралі "шмат шуму з нічога" з выкарыстаннем розных падручных сродкаў. Кожны з гэтых пацешных ролікаў мае на сёння мільённыя тыражы праглядаў у інтэрнэце.


Фота: sandboxworld.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі