Офіс Ціханоўскай пракаментаваў яе статус абранай прэзідэнткі

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Офіс Святланы Ціханоўскай пракаментаваў яе статус абранай прэзідэнткі. Нядаўна ў артыкуле для Politico Ціханоўская напісала: "Я абраная прэзідэнтка (president-elect) Беларусі". У паведамленні Офіса тлумачыцца: "Паводле шматлікіх сведчанняў назіральнікаў, апытанняў і электроннага галасавання Святлана Ціханоўская перамагла на выбарах 2020 года, але паколькі афіцыйныя вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя, не ўступіла ў пасаду... Яе статус разглядаецца як прэзідэнт-элект. Місія Ціханоўскай у гэтай ролі — забяспечыць транзітны перыяд і правесці новыя выбары".

Падкрэсліваецца, што, нягледзячы на тое, што Святлана Ціханоўская "ў фармальную пасаду... не ўступіла", у замежных паездках яе "прымаюць як кіраўніцу дзяржавы". Працяглы час яна "выконвае ролю нацыянальнай лідаркі Беларусі", "разам з Аб'яднаным Пераходным Кабінетам" прадстаўляе нашу краіну "на міжнароднай арэне і ў міжнародных арганізацыях".

"Чаму вызначэнне статусу прэзідэнт-элект важнае менавіта цяпер? — працягвае тлумачэнне Офіс Ціханоўскай. — Таму што рэжым Лукашэнкі не з’яўляецца легітымным, сам дыктатар зацягнуў Беларусь у вайну і прывёў краіну ў стан дэ-факта акупацыі. Сёння Лукашэнка здзяйсняе акт дзяржаўнай здрады, калі насуперак Канстытуцыі Беларусі і ва ўгоду інтарэсам Расіі зрабіў Беларусь суагрэсаркай у вайне супраць Украіны... У такіх умовах павінен быць палітычны інстытут, які прадстаўляе інтарэсы беларускага народа".

Ціханоўская называецца "адзінай прадстаўніцай з мандатам ад беларускага народа", якая "разам з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, узяла на сябе адказнасць за захаванне суверэнітэту Беларусі і прадстаўленне Беларусі як нацыі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.