Нявестка Лукашэнкі занялася рэкламным бізнэсам

Ганна Сялук

Ганна Сялук / БЕЛТА

22 кастрычніка 2025 года ў Беларусі была зарэгістраваная новая кампанія "Крэатыўны код". Яна займаецца дызайнам і размяшчэннем вонкавай рэкламы.

За ёй стаіць нявестка Аляксандра Лукашэнкі Ганна, болей вядомая пад творчым псеўданімам Ганна Сялук, высветлілі журналісты-расследвальнікі "Бюро".

Сукупна 25% акцый належаць фірмам, звязаным з Ганнай Лукашэнкай (Сялук). 15% запісаныя на "Музычную медыякампанію", у якой нявестка Лукашэнкі з'яўляецца генеральным прадзюсарам. А яшчэ 10% — у "АНСЛ прадакшн", уладальнікам якой з'яўляецца Андрэй Урублеўскі — топ-менеджар яе мужа Дзмітрыя Лукашэнкі.

На думку "Бюро", Урублеўскі можа быць толькі намінальным уладальнікам "АНСЛ прадакшн", каб схаваць удзел Ганны Лукашэнкі ў кампаніі. Абрэвіятура АНСЛ вельмі нагадвае ініцыялы жонкі сярэдняга сына Лукашэнкі — АНна (па-руску) Сяргееўна Лукашэнка.

Дырэктарам у "Крэатыўным кодзе" з кастрычніка па снежань 2025 года быў Павел Лёгкі — былы кіраўнік прэс-службы Лукашэнкі, экс-намеснік міністра інфармацыі, дарадца-пасланнік у беларускай амбасадзе ў Маскве.

75% акцый "Крэатыўнага кода" належаць ЗАТ "КорусМедыя". Гэтая фірма была зарэгістраваная пазней за "Крэатыўны код" — 31 кастрычніка 2025 года. Яна таксама займаецца размяшчэннем рэкламы. Яе канчатковыя бенефіцыяры не раскрываюцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.