Вы тут

Нямецкая паліцыя пра інцыдэнт у Мюнстэры: тэрарыстычнага следу няма

Фота: AFP

У інцыдэнце ў Мюнстэры няма тэрарыстычнага следу. Такую заяву зрабіў міністр унутраных справаў Нямеччыны Хорст Зеехофер. Яго цытуюць замежныя СМІ.

Паводле Зеехофера, мужчына, які ўехаў на фургоне ў групу людзей, не меў сувязяў з тэрарыстамі і дзейнічаў адзін. Сувязяў нападу з палітыкай паліцыя таксама не знайшла, але ў той самы час праваахоўнікі раней сутыкаліся з гэтым кіроўцам. Як заявіла пракурор Эльке Адамеіт, 49-гадовы мужчына быў фігурантам чатырох судовых працэсаў — яго прыцягвалі да адказнасці ў сувязі з пагрозамі, псаваннем маёмасці, махлярствам і ўцёкамі з месца ДТЗ. Усе чатыры разы суд здымаў абвінавачанні.

Нямецкія СМІ паведамляюць, што мужчына працаваў прамысловым дызайнерам і меў псіхічнае разладжанне. Гэту інфармацыю паліцыя пакуль не пацвярджае і працягвае расследаванне справы.

Інцыдэнт здарыўся ў другой палове дня 7 красавіка. Фургон “Фольксваген” уехаў у групу людзей, якія сядзелі за столікамі ля папулярнай кавярні Grosser Kiepenkerl у цэнтры Мюнстэра. Двое наведнікаў кавярні загінулі, 20 чалавек траўмаваныя. Кіроўца здзейсніў суіцыд, не выходзячы з машыны.