"Новыя Смалявічы" пачнуцца з моста праз чыгунку

"Смалявічы маюць будучыню, але якую – залежыць ад нас з вамі!"

Такім словамі адкрылася ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурса за праект будучага шляхаправода. 15-тысячны гарадок Смалявічы разбіты надвая чыгункай. Як прайсці з аднаго боку на другі – гэтая праблема, якая непакоіць большасць яго жыхароў. Вырашыць яе намагаецца група маладых актывістаў Смалявічаў.

Каардынатар ініцыятывы "За Новыя Смалявічы" Яўген Пугач: "Мы правялі апытанне, і выявілася, што шмат людзей наракаюць на адсутнасць моста. Той, хто працуе, можа тры разы на дзень стаяць на пераездзе па 5-20, а часам да 40 хвілін. А як даехаць хуткай дапамозе альбо пажарным? Кожная ж хвіліна вырашае жыццё чалавека!"

Яўген разам са сваімі паплечнікамі ўзяўся за вырашэнне праблемы, якую ўжо 20 гадоў абяцаюць вырашыць чыноўнікі. Каб абраць прафесійны праект маста, яны арганізавалі адмысловы конкурс для студэнтаў-архітэктараў і звярнуліся да адпаведных адміністрацый беларускіх універсітэтаў.

Дэкана архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Армэн Сардараў кажа, што гэта першы падобны зварот да архітэктараў ад рэгіянальных моладзевых актывістаў.

"Конкурс цікавы тым, што смалявіцкая ініцыятыва зыходзіць ад самой мясцовай моладзі, і яна звязана з любоўю, пачуццём адказнасці да свайго горада, аднаго з самых своеасаблівых гарадоў Беларусі. Не адгукнуцца было нельга".

З прадстаўленых працаў прафесійныя архітэктары абралі лепшыя. У выніку студэнтка архітэктурнага факультэта Юлія Амяляшка выйграла плэер, студэнт Андрэй Кураш – нэтбук, а пераможца конкурсу Дана Карпеза паедзе ў Галандыю. Калі мясцовыя ўлады падтрымаюць пачатае, менавіта спраектаваным Данай мастом і будуць карыстацца жыхары Смалявічаў.

Дана Карпеза: "Кожны конкурс – гэта магчымасць паспрабаваць свае сілы, тут жа мне было цікава мець канкрэтнае месца, канкрэтнае заданне. Калі я паехала ў Смалявічы, мне было цікава сустрэцца з арганізатарамі, пахадзіць па гэтых вуліцах..."

Цяпер слова самім смалявічанам, які актыўна каментуюць прадстаўленыя праекты на сайце мясцовай ініцыятывы, а таксама мясцовым уладам, якія мусяць знайсці грошы на патрэбу будаўніцтва.

Глядзі таксама: Як выжывае моладзевая ініцыятыва ў Смалявічах

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі