Вы тут

Новая крымінальная справа на 17-гадовага палітвязня, хворага на эпілепсію

Мікіта Залатароў / spring96.org

Завяршылася расследаванне новай крымінальнай справы супраць 17-гадовага палітвязня Мікіты Залатарова. Яе перадалі пракурору для накіравання ў суд, паведмляюць праваабаронцы "Вясны".

Падлетка вінавацяць у нападзе на супрацоўніка СІЗА №3 паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса. Як гаворыцца ў матэрыялах справы, Мікіта наўмысна зрабіў падножку супрацоўніку Н.Лучкіну, ад чаго той паваліўся на падлогу. Калі ён падняўся, то прыхіліў падлетка да сцяны, але той, нібыта, "схапіў Лучкіна за валасы і шыю, прычыніўшы фізічны боль і пабоі пацярпеламу, а таксама выказаў пагрозу прымянення гвалту на адрас супрацоўніцы Хаўбок Т. Ю. і яе блізкіх".

Мікіта Залатароў асуджаны на пяць гадоў выхаваўчай калоніі па справе аб "кактэйлях Молатава". Хлопец на судзе сваю віну не прызнаў. 

Падлетак хворы на эпілепсію. Ён неаднарзова скардзіўся бацьку на жорсткае збіццё за кратамі і казаў, што супраць яго ўжывалі нават электрашокер. На судзе Мікіта заявіў, што ў СІЗА яму не даюць таблеткі, а канваір паабяцаў, што ён памрэ ў калоніі, бо палітычны.

Падтрымаць Мікіту лістамі або паштоўкамі можна па адрасе: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.