Новак: Кампраміс з Беларуссю па газе магчымы пасля пагашэння запазычанасці

Рэалізацыя кампрамісных дамоўленасцяў з Беларуссю па цане на расійскі газ магчымае пасля таго, як Мінскам будуць цалкам пагашаныя запазычанасці за 2016 год і за пачатак 2017-га. Пра гэта заявіў міністр энергетыкі Расійскай Федэрацыі Аляксандр Новак, інфармуе сайт ria.ru. Раней расійскі віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч сказаў, што гэтая лічба складае ўжо амаль 600 мільёнаў долараў. Беларускі бок гэтую заяву пакуль ніяк не пракаментаваў.

Новак таксама паведаміў, што Беларусь хоча купляць расійскі газ па роўнадаходных цэнах. Паводле яго слоў, падчас перамоваў "разглядаліся розныя варыянты, але пакуль канчатковага рашэння не выпрацавана". Расійскі міністр спадзяецца, што яно будзе прынята ўжо ў бліжэйшы час.

У Беларусі лічаць, што цана на расійскі газ для нашай краіны несправядлівая. З гэтай прычыны летась у аднабаковым парадку сталі недаплачваць за пастаўкі ў спадзяванні, што расіяне пойдуць на саступкі. Аднак Масква на саступкі не пайшла, больш таго, былі скарочаны пастаўкі нафты ў нашу краіну. Нядаўна намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што наша краіна і Расія блізкія да ўзгаднення ўмоваў паставак прыроднага газу.