Ніводзін пацыент з брытанскім штамам у Беларусі пакуль не шпіталізаваны

У Беларусі выяўлены брытанскі штам каранавіруса​ / Reuters
У Беларусі выяўлены брытанскі штам каранавіруса​ / Reuters

Пацыентаў, у якіх быў выяўлены брытанскі штам каранавіруса, не шпіталізавалі, распавёў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Ён заклікаў не панікаваць у сувязі з выяўленнем носьбітаў новага штаму ў Беларусі.

Прычын для гэтага няма, "па-першае, з-за супярэчлівасці той інфармацыі, якая ідзе па дадзеным штаме, што шырока распаўсюдзіўся ў краінах Заходняй Еўропы. Па-другое, ні адзін з пацыентаў з брытанскім штамам пакуль што не праходзіць стацыянарнага лячэння", цытуе міністра прэс-служба ведамства.

Даследчыкі ў шэрагу краін сцвярджаюць, што брытанскі штам больш заразны. Акрамя таго, лічыцца, што ён можа выклікаць больш цяжкае цячэнне хваробы і часцей вядзе да смяротнага канца.

Піневіч таксама дапусціў, што ў бліжэйшы час усё ж такі можа здарыцца рост захворвання.

"Але ён у большай ступені звязаны з вясновым уздымам, што напластоўваецца на сезонныя захворванні, характэрныя для нашай краіны", — сказаў ён.

Па словах міністра, сістэма аховы здароўя ў гатоўнасці. Акрамя таго, ён папярэдзіў, што "масачны рэжым застанецца ў нас як мінімум да летняга сезона, а можа, і больш".

Раней пра магчымы ўздым захворвання COVID-19 у сувязі са з'яўленнем у Беларусі брытанскага штаму гаварыў і інфекцыяніст, кандыдат медыцынскіх навук Мікіта Салавей. Пры гэтым ён таксама заклікаў выконваць меры засцярогі: трымаць дыстанцыю, пазбягаць месцаў масавага збору людзей, насіць маскі і мыць рукі. Ён таксама параіў па магчымасці зрабіць прышчэпку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі