"Нібы падмянілі жанчыну, я ж ведала зусім іншую Анжаліку" — мастачка з Нясвіжа
Анжаліка Мельнікава / Каардынацыйная рада
У Нясвіжы падазрона ставяцца да гісторыі вакол экс-спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Пра гэта выданню "Салідарнасць" расказала мастачка і актывістка Наталля Бордак.
З Анжалікай Наталля пазнаёмілася ў 2020 годзе на мітынгу ля палаца Радзівілаў. Мельнікава падалася ёй спагадлівай, просталінейнай, актыўнай. У эміграцыі камунікацыя жанчын спынілася з ініцыятывы Анжалікі.
"Прыкра, што гісторыя атрымалася вельмі бруднай. Нібы падмянілі жанчыну, я ж ведала зусім іншую Анжаліку... Дакладна, стаіш, як на раздарожжы, не ведаючы — верыць ці не?” — кажа Наталля. Ёй цяжка ўявіць, што Анжаліка магла аказацца агенткай спецслужбаў.
Таксама яна згадвае, што ў эміграцыю Мельнікава падалася пасля папярэджання з боку сяброўкі — жонкі міліцыянта.
Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава знікла ў сакавіку 2025 года. Перад сваім знікненнем Мельнікава (сама ці пад ціскам) зняла з рахункаў свайго фонду каля 150 тысяч долараў. Праз год пасля яе знікнення з'явіліся фота з Анжалікай, нібыта зробленыя ў новай трэнажорнай зале ў Мінску. Таксама яе прысутнасць у Мінску пацвердзіў журналістам бацька Мельнікавай, аднак дадаў, што затэлефанаваць дачцэ ён не можа: гэта робіць яна сама з закрытага нумару.