Сідорская: няма жалезабетонных доказаў, што Мельнікава ў Мінску
Анжаліка Мельнікава / Еўрарадыё
Анжаліка Мельнікава ў Мінску — да такой высновы прыйшла немалая колькасць беларусаў за апошнія тыдні. Спачатку з'явіліся нібыта яе фота з мінскай мацоўні, потым журналісты паразмаўлялі з бацькам экс-спікеркі КР, і, нарэшце, стала вядома пра нібыта набытыя на яе імя кватэры.
Але медыяэкспертка, былая прафесарка журфака БДУ Ірына Сідорская заклікае ўсіх ставіцца да такой інфармацыі крытычна.
"Ніякіх дакладных аргументаў, жалезных доказаў пра тое, што спадарыня Мельнікава жывая, што яна ў Мінску, што яна супрацоўнічае са спецслужбамі і гэтак далей у нас няма", — выказалася Сідорская ў эфіры Еўрарадыё.
На думку даследчыцы, пакуль усе аргументы на карысць такой версіі — ускосныя.
"Бо пакуль мы ўсё ведаем з чыіхсьці словаў. Вось як быццам журналісты размаўлялі з бацькам Мельнікавай, але я вось, напрыклад, не ведаю, яны менавіта з ім размаўлялі альбо перапісваліся. І калі перапісваліся, а гэта дакладна быў бацька Мельнікавай, а калі нават гэта быў ён дакладна — ці не пад прымусам ён гэта гаварыў? А нават калі ён гэта шчыра гаварыў, ну можа хтосьці піша яму ад імя яго дачкі, расказвае пра тое, што вось я даўно ў Мінску, ён гэта перадае".
Падобныя пытанні прафесарка задае і ў кантэксце інфармацыі пра пакупкі Мельнікавай кватэр у Мінску.