Немец Штанге з былымі трэнерамі зборнай не раіцца

Новы трэнер не ўзяў у памочнікі беларускіх спецыялістаў, і ўвогуле не зразумела, з кім ён раіцца, каб разабрацца ў беларускіх футбалістах. Новы трэнер футбольнай зборнай Беларусі Штанге абнародаваў склад каманды напярэдадні сяброўскага матчу з Ізраілем. Каб вызначыцца з футбалістамі, якія выйдуць на гульню, немцу спатрэбілася 8 дзён. Пры гэтым у склад не патрапілі капітан зборнай Штанюк і Вячаслаў Глеб. Аднак з’явіўся Міраслаў Рамашчанка.

Усё гэта выклікала ў журналістаў шмат пытанняў. І жаданне атрымаць адказы на іх у нядаўна прызначанага галоўнага трэнера беларускай зборнай спадара Штанге. Дадаваў інтрыгі і той факт, што замежны спецыяліст да гэтага часу не ўключыў у свой трэнерскі штаб нікога з беларусаў. Акрамя трэнера галкіпераў Юрыя Петухова.

Калі раней для таго, каб узяць інтэрэв’ю ў галоўнага трэнера зборнай, карэспандэнту любога СМІ дастаткова было пазваніць таму напрамую, то зараз сітуацыя змянілася. Усе сувязі журналістаў са спадаром Штанге неабходна ўзгадняць з прэс-службай Федэрацыі футболу. Таму першы званок быў кіраўніку прэс-службы Сяргею Новашу.

Сяргей Новаш: “Ён прафесіянал вышэйшага ўзроўню. Гэта адчуваецца ў яго падыходах да працы. І ў зносінах з прэсай ён таксама прафесіянал. Ён ніколі не адмовіцца даваць свае інтэрв’ю альбо каментары. Мы гэта з ім абмяркоўвалі. Але зараз у яго вельмі напружаны графік. Гэта адзіная прычына, па якой да 22 жніўня ніякіх інтэрв’ю не будзе”.

Паведаміў кіраўнік прэс-службы Федэрацыі футболу і пра тое, чым так заняты галоўны трэнер зборнай.

Сяргей Новаш: “Вельмі шмат неабходна было відэаматэрыялаў прагледзець, правесці кансультацыі, наведаць шмат матчаў”.

Слова “кансультацыі” вымусіла пацікавіцца: з кім кансультуецца спадар Штанге, калі ў трэнерскім штабе толькі адзін беларус?

Сяргей Новаш: “Спадар Штанге актыўна сустракаецца з беларускім трэнерскім корпусам. Пакуль жа трэнерскі штаб такі, як і было паведамлена. Без дадатковых беларускіх спецыялістаў”.

Хто з беларускага трэнерскага корпусу быў уганараваны магчымасцю кансультаваць нямецкага спецыяліста, Сяргей Новаш не сказаў. І Еўрарадыё вырашыла даведацца гэта самастойна. Справядліва палічыўшы, што першым такім чалавекам павінен быў стаць папярэдні трэнер зборнай Юры Пунтус.

Але высветлілася, што ніхто з новага трэнерскага штаба зборнай да экс-трэнера з прапановай аб сустрэчы не звяртаўся. А сам Юры Пунтус навязвацца не жадае.

Юры Пунтус: “Калі чалавек не звяртаецца, значыцца, ён не бачыць у гэтым сэнсу. А мне навязваць сваё меркаванне проста не цікава”.

Новы склад зборнай былы яе трэнер абмяркоўваць адмовіўся.

Юры Пунтус: “Я тлумачыць гэтую сітуацыю не буду. Усё, што я магу высказаць на гэты конт, я магу сказаць толькі яму самому”.

Што тычыцца выкарыстоўвання вопыту беларускіх трэнераў у падрыхтоўцы зборнай, то Юры Пунтус спадзяецца – новы трэнер будзе да іх звяртацца па дапамогу.

Не звярталіся па кансультацыі і не шукалі сустрэчы ад імя спадара Штанге і з Анатолем Байдачным, таксама былым трэнерам зборнай. Ён, у сваю чаргу, адказвае тым жа. Але рабіць нейкія высновы па складзе зборнай і трэнерскага штабу і каментаваць дзеянні новага трэнера зборнай не спяшаецца.

Анатоль Байдачны: “Чалавек толькі пачаў працаваць. Дайце яму магчымасць сябе праявіць. Рана яшчэ рабіць нейкія высновы. Правядзе шэраг гульняў, будуць бачныя яго погляды, будзе відаць, што ён робіць. Пакуль рана нешта сцвярджаць. Можна толькі меркаваць”.

Атрымаў прапанову аб сустрэчы са Штанге галоўны трэнер “Шахцёра” Юры Вяргейчык.

Юры Вяргейчык: “Мы дамовіліся, што калі я прыеду ў Мінск, то абавязкова пазнаёмімся і перагаворым наконт Пласконнага і іншых футбалістаў, на якіх ён спадзяецца”.

Каментаваць адсутнасць (за выключэннем аднаго) беларусаў у трэнерскім штабе, як і склад зборнай, трэнер “Шахцёра” адмовіўся.

Юры Вяргейчык: “Я каментаваць не магу. Я адзін з трэнераў моладзевай зборнай і, з этычных меркаванняў, не маю права”.

Бліжэйшую сустрэчу журналістаў са спадаром Штанге прэс-служба Федэрацыі футболу запланавала на 20 жніўня. Менавіта на гэты дзень прызначана прэс-канферэнцыя. Спадзяемся, там карэспандэнт Еўрарадыё зможа атрымаць адказы на ўзніклыя пытанні ад самога галоўнага трэнера зборнай.

Фота - http://photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі