Не ўсе V.I.P.-ы апазіцыі — "вясельныя генералы"

Анатоль Лябедзька асабіста збіраў подпісы не толькі за сябе, але і за сваіх калегаў. Павел Севярынец аб’ездзіў 7 выбарчых акруг кандыдатаў, дзе ён з’яўляецца сябрам ініцыятыўных груп. Мікола Статкевіч уваходзіць у 20 ініцыятыўных груп, але ні разу не прайшоўся ні па адной выбарчай акрузе. А сябра яго ініцыятыўнай групы Алесь Арыстовіч лічыць, што колькасць сабраных подпісаў залежыць ад таго, на захад ці на ўсход выходзяць вокны пад’езда. Большасць V.I.P.-асоб дэмакратычнай апазіцыі, якія самі ўдзельнічаюць у выбарах у Палату прадстаўнікоў, да таго ж уваходзяць у ініцыятыўныя групы сваіх паплечнікаў. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці не з’яўляюцца яны “вясельнымі генераламі” і ці ходзяць яны асабіста па кватэрах, збіраючы подпісы выбарнікаў.

Лідэр АГП, сустаршыня Аб’яднаных дэмакратычных сіл Анатоль Лябедзька кажа, што не ўхіляецца ад сваіх абавязкаў і больш часу праводзіць на чужых выбарчых участкаў, збіраючы подпісы на карысць іншых кандыдатаў, чым на сваім.

Анатоль Лябедзька: “У мяне ёсць свае 2 выбарчыя акругі. Па-другое, у мяне ёсць сталае месца працы, дзе я штодня працую. І яшчэ ёсць ініцыятыўныя групы, у якія я таксама запісаны. Усіх я фізічна не змог і не змагу да канца ахапіць, але, напрыклад, у Ашмяны я выязджаў двойчы, быў у Маладзечне. Багданкевіч, Палевікова, Дабравольскі ў Мінску – гэта тыя людзі і іх акругі, дзе я фізічна збіраў подпісы. Я практычна кожны вечар хадзіў і сустракаўся з людзьмі. І такіх сустрэч у мяне былі сотні, калі не тысячы”.

Палітык з гонарам зазначае, што “зборшчык” з яго атрымаўся паспяховы.

Анатоль Лябедзька: “Напрыклад, у Ашмянах я сабраў 40 подпісаў, і гэта пайшло ў агульную скарбонку. 40 подпісаў сабраў у Маладзечне за Шункевіча. У бліжэйшыя дні буду працягваць дапамагаць Станіславу Багданкевічу і ў вечары, што засталіся, хадзіць па яго выбарчай акрузе”.

Падзяліўся ён і сваімі назіраннямі, зробленымі падчас збору подпісаў.

Анатоль Лябедзька: “Апантаных “лукашыстаў” я сустрэў толькі адзін раз. І хвілін 15 я патраціў на даволі жорсткую палеміку. Гэта людзі, якія размаўляюць штампамі БТ, цытуюць Аляксандра Рыгоравіча і з’яўляюцца фанатамі яго клуба. Тое, што я сустрэў такіх толькі аднойчы, для мяне нечаканасць і здзіўленне. І некалькі дзесяткаў было выпадкаў, калі людзі казалі, што за Лябедзьку галасаваць ніколі не будуць. А калі даведваліся, што гэта я сам перад імі, з’яўлялася цікавасць у вачах. Людзі былі так здзіўленыя, што я сам хаджу! А потым была размова, і людзі пагаджаліся, што я кажу правільныя рэчы. Вось што значаць штампы БТ!”

Адзначыўся лідэр АГП не толькі ў ініцыятыўных групах іншых палітыкаў. Паводле яго слоў, і за самога сябе ён сабраў больш подпісаў, чым хто іншы з яго ініцыятыўнай групы.

Актыўна збірае подпісы і яшчэ адзін вядомы палітык – Павел Севярынец.

Павел Севярынец: “Канешне, збіраю подпісы, на маім асабістым рахунку 303 подпісы. Зараз я у Магілёве, засвядчаю гэтыя подпісы ў Кастрычніцкім раёне Магілёва. Увогуле, збіраў подпісы на 7 акругах”.

Было і тое, што выклікала ў палітыка здзіўленне.

Павел Севярынец: “Вельмі добрая рэакцыя на беларускую мову, я здзівіўся. Прычым ва ўсходніх абласцях. Я чакаў лепшай рэакцыі ў Мінску, аказалася – не. Буда-Кашалёўская акруга, чарнобыльская, Лепельская акруга, Віцебск, Магілёў ставяцца да беларускай мовы проста выдатна. Амаль кожны трэці падпісант падпісваўся альбо таму, што быў беларускамоўны зборшчык, альбо таму, што падабаецца беларуская мова і чалавек сам пачынаў размаўляць. Тых, хто проста абараняў бы з пенай у рота Лукашэнку, я не сустрэў. Раней гэта быў цэлы пласт людзей, зараз яны пакрыўджана матляюць галавой, адмаўляюцца падпісваць і зачыняюць дзверы. Але без асаблівай агрэсіі”.

А вось каардынатар “Еўрапейскай кааліцыі” Мікола Статкевіч, які не толькі сам удзельнічае ў барацьбе за дэпутацкі мандат, але і з’яўляецца сябрам ледзь не 20 ініцыятыўных груп сваіх аднадумцаў, па кватэрах не хадзіў і подпісы не збіраў. Не толькі за калегаў, але нават і за сябе.

Мікола Статкевіч: “Я даў дазвол уключыць сябе ў склад ініцыятыўных груп пераважна ў рэгіёнах у разліку на тое, што мая група з-за маёй судзімасці не будзе зарэгістравана, і ў мяне будзе магчымасць пад’ехаць у рэгіёны і дапамагчы людзям. Але ў сувязі з тым, што мне зрабілі такую гадасць і сказалі, што пытанне судзімасці будзе разгледжана пасля падачы дакументаў, я вымушаны займацца гэтай дастаткова безнадзейнай справай – зборам 1 тысячы подпісаў за сябе. Трэба было б за сябе і самому пахадзіць, але, як кажуць там, дзе я быў, западло”.

Лідэрам па зборы подпісаў сярод сяброў ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча з’яўляецца актывіст “Еўрапейскай кааліцыі” Алесь Арыстовіч. За 1,5-2 гадзіны ў дзень ён збірае каля 18 подпісаў. Колькасць, кажа, залежыць ад таго, у які бок пад’езд выходзіць.

Алесь Арыстовіч: “18 подпісаў. Гэта вынік працы з 7 вечара да прыкладна 8.30-9 гадзін. І то, у залежнасці ад таго, на захад ці на ўсход пад’езд выходзіць. Усход – у гэты час ужо цёмна, а на пляцоўках дрэннае асвятленне, і там збіраць подпісы немагчыма, бо людзі не бачаць таго, хто прыйшоў. А калі на захад вокны выходзяць, то можна і пазней крыху”.

Акрамя таго, што шмат людзей у адпачынках, і кватэры стаяць пустыя, ён скардзіцца на пасіўнасць выбарнікаў.

Алесь Арыстовіч: “Народ вельмі пасіўны, нічога яго не турбуе. Асабліва калі чалавек працоўны. Такое жаданне, што толькі вочы заліць, іншае яго не турбуе. Калі сустракаецца творчая ці тэхнічная інтэлігенцыя, то размова ідзе, дэбаты. І пачуўшы ключавое слова “апазіцыя”, чалавек адразу вырашае – даваць подпіс альбо не”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі