Вы тут

Не ўклаліся: бюджэт Беларусі за студзень-травень выкананы з дэфіцытам

Міністэрства фінансаў Беларусі​ / БЕЛТА

Бюджэт сектара дзяржкіравання Беларусі ў студзені-маі 2021 года выкананы з дэфіцытам у памеры 0,1% ВУП, распавялі ў Еўразійскім Банку развіцця (ЕАБР). Гэты паказчык уключае ў сябе рэспубліканскі бюджэт, мясцовыя бюджэты і дзяржаўны пазабюджэтны фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Адзначым, у мінулым годзе за першыя пяць месяцаў бюджэт склаўся прафіцытным, гэта значыць зараблялі больш, чым трацілі. У гэтым годзе "фармаванне дэфіцыту тлумачыцца нарошчваннем выдаткаў прыкладна на 0,9 адсоткавых пункта ВУП пры невялікім павелічэнні даходаў", — патлумачылі ў ЕАБР.

Вялікія выдаткі ў пачатку года былі звязаныя з ростам капітальных укладанняў і, верагодна, з'яўляюцца следствам падтрымкі асобных дзяржпрадпрыемстваў, адзначылі ў банку.

Раней ЕАБР прагназаваў істотнае запаволенне тэмпаў росту ВУП Беларусі ў другім паўгоддзі гэтага года, а таксама гадавую інфляцыю звыш 9%. Нацбанк пакуль разлічвае, што кошты па выніках года вырастуць не больш чым на 7%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.