Вы тут

ЕАБР прагназуе запаволенне тэмпаў ВУП Беларусі ў другім паўгоддзі

Міністэрства эканомікі Беларусі / БЕЛТА​

Эксперты Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) прагназуюць істотнае запаволенне тэмпаў росту ВУП Беларусі ў другім паўгоддзі гэтага года. Пакуль ВУП расце — у траўні было + 5,4-5,8% да траўня мінулага года. Але гэты рост звязаны з "выключна з нізкай базай мінулага года", падкрэслілі ў банку. Нагадаем, у выніку мінулага года ВУП Беларусі знізіўся на 0,9% у параўнанні з узроўнем 2019 года.

Рост ВУП сёлета забяспечваюць экпарцёры: дрэваапрацоўка (24,5% год да года ў траўні), вытворчасць машын і абсталявання (26,6%), транспартных сродкаў (26,3%). Пры гэтым калійная вытворчасць і нафтаперапрацоўка не могуць нарасціць аб'ёмы (каля 0 і мінус 4,6% год да года ў траўні).

Акрамя таго, на невысокі рост ВУП уплываюць слабы ўнутраны попыт і скарачэнне інвестыцый.

Па выніках паўгоддзя рост ВУП, хутчэй за ўсё, складзе каля 3% год да года, "аднак можа моцна запаволіцца ў другой палове года", падкрэслілі ў ЕАБР. Гэта будзе звязана з аднаўленнем расійскай эканомікі і заходнімі санкцыямі. 

Раней ЕАБР таксама зрабіў прагноз па інфляцыі ў Беларусі. Гэты паказчык па выніках года, лічаць у банку, можа перавысіць 9%. Нагадаем, Нацбанк краіны першапачаткова прагназаваў гадавую інфляцыю ў 2021 годзе на ўзроўні не больш за 5%, затым скарэктаваў прагноз да 7%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.