“Не можа быць, каб прэзідэнт і ўрад, усе былі з адной партыі"

Еўрарадыё паназірала, як варшавяне выбіраюць прэзідэнта краіны.
“Выбары не перашкаджаюць тваім планам на выходныя. Выбарчыя ўчасткі адчыненыя ад 6 раніцы да 8 вечара. Дзе б ты ні знаходзіўся, прагаласуй!” — заклікаў палякаў відэаролік на You Tube. І многія з іх прыйшлі, каб аддаць голас на аднаго з 10 кандыдатаў у прэзідэнты. 


Студэнтка Караліна пайшла галасаваць адразу пасля нядзельнай службы ў касцёле. Сёлетнія выбары — першыя ў яе жыцці. Аднак ні асадкі, ні паштоўкі на памяць ад дзяржавы, якія даюць у Беларусі, яна не атрымала — у Польшчы няма такога звычая. Няма і буфетаў побач з выбарчымі ўчасткамі. Але ж галоўнае — гэта не сувенір ці банкет, а кандыдат, лічыць Караліна. 

Караліна: “Я галасавала за Браніслава Камароўскага. Гэта мой кандыдат, я ад самага пачатку яго падтрымлівала. Я згаджаюся з яго перадвыбарчай праграмай, а таксама з партыяй, да якой ён прыналежны”.

Галасаваць датэрмінова польскіх выбарцаў ніхто не прымушаў. Усім, хто з’яжджаў з дому на выходныя, дазволілі галасаваць па ўсёй краіне. Для гэтага трэба было толькі ўзяць перад ад’ездам адпаведную паперку па месцы жыхарства. Такіх выбаршчыкаў было па некалькі дзесяткаў на кожным участку, дзе пабывала Еўрарадыё.

Сябра сталічнай выбарчай камісіі ўчастка №31: “У нас было каля 20 асобаў з такімі пасведчаннямі. Але былі і тыя, што ўзялі дома гэтыя пасведчанні і недзе згубілі. Тады ўжо з’яўляецца праблема — яны фактычна не могуць прагаласаваць у нас”.

На адным з цэнтральных выбарчых участкаў Еўрарадыё сустрэла сёлетніх абітурыентаў, які прыйшлі аддаць свой голас за Януша Корвіна-Міке. Па звестках польскіх СМІ, гэты эпатажны кандыдат хоча ўвогуле адабраць у жанчын  права голасу. Аднак варшаўскай абітурыентцы Касі гэта не перашкаджае.

Кася: “Ён прамаўляе вельмі смела і шчыра. Мне гэта падабаецца. А калі Качыньскі выйграе, то будзе проста трагедыя. Таму, калі будзе другі тур, то я ўжо лепш за Камароўскага прагаласую. Няхай на чале краіны стаіць чалавек, які мае большае разуменне сямейных каштоўнасцяў ды кахання”.

Аднак у Яраслава Качыньскага таксама хапае прыхільнікаў. Для пані Гражыны, жанчыны сярэдняга ўзросту, ён адзіны годны кандыдат.

Пані Гражына: “Калі са спісу кандыдатаў выкрасліць усіх КДБшнікаў, злодзеяў і нягоднікаў, то застаецца толькі Яраслаў Качыньскі. Ну можа яшчэ Януш Корвін-Міке, але ён доўга не ўтрымаецца”.

Прыхільнікі Качыньскага называлі яго абаронцам бедных і пакрыўджаных, саюзнікам рамеснікаў і дробных вытворцаў. Некаторыя бабулькі былі перакананыя, што ён мае права быць прэзідэнтам з-за забітага, на іх думку, "маскоўскімі шпіёнамі" брата. Іншыя выбіралі Яраслава Качыньскага, каб "усталяваць раўнавагу ў палітыцы".

Мужчына сярэдняга ўзросту: “Не можа быць, каб прэзідэнт і ўрад, усе былі з адной партыі, а таксама большасць сенатараў, дэпутатаў ды прыбіральшчыц ці каго там яшчэ. Я ўсё жыццё быў правіцоўцам. Мяне выхавалі ў духу патрыятызму. І так засталося”.


А вось кандыдата ад лявіцы Гжэгажа Наперальскага, які ў сваёй кампаніі паставіў на моладзь, перад выбарчымі ўчасткамі хвалілі ў асноўным старэйшыя жанчыны. 

Старэйшыя жанчыны: “За Наперальскага мы галасавалі. Мы ўсё жыцці былі лявіцай. Мы верым у лявіцу і ў Наперальскага. А Качыньскі гэта не наш ідал. А яшчэ і брата прынізіў пахаваннем на Вавелі”.

Некаторыя выбарчыя ўчасткі толькі зрэдку напаўняліся людзьмі, асабліва падчас службаў у касцёлах. У іншых за бюлэтэнямі выстройваліся чэргі.

 Выбарцы прыходзілі сем’ямі, некаторыя нават з хатнімі жывёламі, а выходзілі ў асноўным задаволеныя і ўпэўненыя ў правільным выбары. Аднак першыя вынікі апытанняў абвесцяць толькі пасля закрыцця выбарчых участкаў — а 9 увечары па мінскім часе.


Фота Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі