Вы тут

Не больш за 53 рублі: Саўмін абмежаваў кошт тэстаў на COVID-19

Чарга з ахвочых здаць тэст на COVID-19 / Еўрарадыё​

ПЦР-тэст на COVID-19 не можа каштаваць больш за 53 рублі, а экспрэс-аналіз крыві на імунаглабуліны — не больш за 31,5 рубля. Гранічна дапушчальны кошт тэстаў вызначаны пастановай урада № 99 ад 17 лістапада 2020 года, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 5 лістапада раскрытыкаваў прыватныя лабараторыі, якія, паводле яго дадзеных, завышаюць цэны на тэсты.

"Пачынаюць скуру драць з людзей. Псіхоз ствараюць у грамадстве. Яны [людзі. — Еўрарадыё] бягуць у гэтыя лабараторыі, і да 300 рублёў даходзіць адзін тэст", — заявіў тады Лукашэнка. Калі прыватныя лабараторыі хочуць дапамагчы дзяржаве, то рабіць гэта трэба, на яго думку, на дзяржаўных умовах.  Ён даў ураду час "да панядзелка" залагодзіць пытанне.

Кошт тэсту ў прыватнай лабараторыі Мінска ў тыя дні складаў 60 рублёў. З 16 лістапада лабараторыя прыпыніла выкананне тэстаў "па тэхнічных прычынах". Пазней Міністэрства аховы здароўя заявіла, што ўдзячнае прыватным медцэнтрам за дапамогу ў дыягностыцы COVID-19. Праз рост захворванняў медыцынскаму ведамству давялося мабілізаваць усе свае рэсурсы і перапрафіляваць усе лабараторыі, здольныя выконваць даследаванні на COVID-19 метадам ПЦР.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.