Мініздароўя просіць прыватныя лабараторыі дапамагчы з дыягностыкай COVID-19

У Беларусі расце колькасць заражаных каранавіруснай інфекцыяй / TUT.BY​
У Беларусі расце колькасць заражаных каранавіруснай інфекцыяй / TUT.BY​

Праз рост колькасці пацыентаў з СОVID-19 беларуская сістэма аховы здароўя, відаць, сутыкнулася з праблемай выяўлення заражаных. Лабараторыі, якія да гэтага часу тэставалі на COVID, не спраўляюцца. Таму ў Міністэрстве аховы здароўя заявілі пра "мабілізацыю ўсіх рэсурсаў, неабходных для забеспячэння тэставання на каранавірусную інфекцыю COVID-2019 метадам ПЦР".

Для гэтага перапрафілююць усе лабараторыі, дзе толькі магчымае выкананне такіх даследаванняў. Чыноўнікі з Міністэрства разлічваюць на дапамогу і прыватных лабараторый.  

"Міністэрства аховы здароўя выказвае падзяку кіраўнікам лабараторый прыватнай формы ўласнасці за падтрымку і ўзаемадапамогу", гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ведамства.

Нагадаем, у другую хвалю здаць ПЦР-тэст на COVID-19 можна было ў прыватнай медыцынскай лабараторыі "Сінэва". Людзі былі гатовыя стаяць гадзінамі, каб скарыстацца гэтай магчымасцю. Аднак на мінулым тыдні стала вядома, што лабараторыя з 16 лістапада перастае рабіць ПЦР-тэсты "па тэхнічных прычынах".

Гэтаму рашэнню папярэднічала заява Аляксандра Лукашэнкі. 5 лістапада ён абрынуўся з крытыкай на прыватныя медцэнтры, якія нібыта завышаюць цэны "да 300 рублёў за адзін тэст". Па яго словах, людзі бягуць у гэтыя лабараторыі, чым "ствараюць псіхоз у грамадстве". 

"Калі хтосьці з прыватных лабараторый хоча дапамагчы дзяржаве — на дзяржаўных умовах", — сказаў тады Лукашэнка, і даручыў у кароткія тэрміны вырашыць праблему.

Напярэдадні, 15 лістапада, у Беларусі быў усталяваны чарговы антырэкорд па колькасці выяўленых пацыентаў з каранавірусам за суткі — 1315. Усяго з пачатку пандэміі, паводле афіцыйных дадзеных, зарэгістраваныя 114 тысяч 185 чалавек з станоўчым тэстам на COVID-19. Памерла 1046 пацыентаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі