Назіральнікі АБСЕ расчараваныя тым, што нельга было бачыць падлік галасоў
Беларусь чакае яшчэ доўгі шлях да дэмакратычных выбараў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў каардынатар кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ Кент Хёрсэтд. Ён павітаў вызваленне палітвязняў, выказаў надзею, што гэта больш не паўторыцца, а таксама падзякаваў за добры прыём. Ён адзначыў, што перашкодаў для працы не было.
Але, разам з тым, ён заявіў, што прагрэсу ў выбарчым працэсе не адбылося. І назіральнікі спадзяюцца на сур’ёзныя рэформы выбарчай сістэмы, каб выправіць сур’ёзныя недахопы.
З негатыўных момантаў ён назваў немагчымасць назіраць за падлікам галасоў, адсутнасць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбаркамах, а таксама няроўныя ўмовы для канкурэнцыі.
З пазітыўных: кандыдатам дазвалялася весці кампанію па ўсёй краіне, не было цэнзуравання падчас выступаў па тэлебачанні і тое, што дзень выбараў прайшоў спакойна.
Кіраўнік назіральнікаў ад ПАСЕ Рэха Дэнемеч заявіў, што яго назіральнікі не заўважылі ціску на выбаршчыкаў, убачылі назіральнікаў на участках. Аднак, ён заявіў, што “выбары ― гэта не толькі галасаванне”. Ён прапанаваў паслугі ПАСЕ для таго, каб правесці рэформы, якія б палепшылі асяроддзе для канкурэнтнай барацьбы.
Джым Уолш, кіраўнік назіральнікаў ад ПА АБСЕ, адзначыў ролю Беларусі ў урэгуляванні ўсходнеўкраінскага канфлікту. Але крытыкуе кампанію за недасканалае заканадаўства, якое звязанае з фармаваннем выбарчых камісій. З-за чаго ў іх няма апазіцыйных сілаў. Крытыкуе і непразрысты падлік галасоў, а таксама немагчымасць усім жадаючым кандыдатам удзельнічаць у выбарах.
Кіраўнік доўгатэрміновай місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ Жак Фор, што ўмовы выбараў амаль не змяніліся з мінулага разу.
Ён узгадаў з крытычнага боку непразрыстае заканадаўства, асабліва падчас датэрміновага і выязнога галасавання. Непразрыстыя ўмовы фармавання выбаркамаў і больш выгадныя умовы па зборы подпісаў для некаторых кандыдатаў. А таксама немагчымасць назіральнікаў бачыць усе этапы працы выбаркамаў.
Са станоўчых момантаў Фор адзначыў прысутнасць жанчыны, як кандыдата і шырокую прысутнасць жанчын у выбаркамах.
Акрамя гэтага, у справаздачы БДІПЧ АБСЕ адзначаецца, што “выбарчы працэс у дзень галасавання быў ацэнены пазітыўна на 95% выбарчых участках, дзе праводзілася назіранне, але вялікай колькасці назіральнікаў не дазволілі праверыць спісы выбаршчыкаў, а ідэнтычныя на выгляд подпісы зафіксаваныя на 47 участках. Працэс падліку галасоў быў ацэнены адмоўна на 30% выбарчых участкаў, дзе праводзілася назіранне, што паказвае на значныя праблемы. Працэс падсумавання вынікаў галасавання быў ацэнены як негатыўны і пазбаўлены празрыстасці на 25% выбарчых участкаў, дзе былі назіральнікі”.
Фота: Зміцер Лукашук