Навучанне ў аўташколах будзе каштаваць 800 тысяч?

Эксперты лічаць, што калі адпусцяць кошты на аўтамабільныя курсы, школы падзеляцца на прэстыжныя і танныя. Міністэрства
транспарту прапанавала адпусціць цэны на навучанне ў аўташколах. Сёння яно
каштуе каля 600 тысяч. Еўрарадыё вырашыла высветліць, у якую суму абыйдуцца
беларусам аўтамабільныя курсы, калі кошты перастануць быць фіксаванымі.

Ва ўсіх аўташколах прапанову Мінтрансу прынялі на
“ўра”, бо яна даволі доўга лабіравалася кіраўнікамі курсаў. Большасць з іх кажа, што невялічкае падвышэнне аплаты пойдзе толькі на
карысць і зробіць паслугі больш якаснымі.

Анатоль
Шашкоў
, намеснік начальніка аўташколы МДАК, куды запіс сёння ідзе ўжо на
люты, лічыць, што гэта дазволіць набыць
новыя аўтамабілі:

Шашкоў:
Да таго ж, мы будзем вымушаныя павялічваць аўтапрабег навучальных машын, і
людзі змогуць браць дадатковыя заняткі. Думаю, што кошт складзе максімум тысяч
800.

Такую ж
цану называе Сяргей Тарасаў, кіраўнік школы “Автоводитель”. Хутчэй за ўсё аўташколы і з будучымі коштамі
ўжо вызначыліся.

Тарасаў: Зараз проста ажыятаж, бо ўсе баяцца
падвышэння аплаты і таго, што трэба вучыцца будзе паўгода. Але рэзка кошты не падымуцца, бо тады ніхто не пойдзе вучыцца. А пры
нязначным падвышэнні застануцца тыя, каму гэта насамрэч трэба.

Але ў
адной з мінскіх аўташколаў, дзе супрацоўнік пажадаў застацца ананімам, "Еўрапейскаму радыё для Беларусі" паведамілі, што кошты
ўздымуцца значна вышэй, бо Беларусь даволі часта азіраецца на Расію, дзе
фіксаваны тарыф адмянілі гэтым летам.

Супрацоўнік
аўташколы:
Праграма засталася тая ж, а тэрмін навучання стаў паўгадавым. У
некаторых аўташколах сталі браць плату за кожны месяц, і прычым розную. Калі
зробяць як у Расіі, то шмат хто будзе задумвацца, ці варта вучыцца на правы, бо
кошт можа падскочыць амаль на 50%.

Аднак
хутчэй за ўсё гэтага не адбудзецца. Бо з аднаго боку, дзяржава адпускае цэны, з
другога — пільна за імі сочыць. Прэс-сакратар Мінтрансу Ксенія Перастараніна
тлумачыць сітуацыю:

Перастараніна: Усе аўташколы павінны будуць
рэгістраваць свае цэны ў мясцовых органах дзяржаўнай улады, папярэдне ўсё
пралічыўшы і абгрунтаваўшы. Такім чынам, школы
падзеляцца па прэстыжы, па коштах. Гэта праўда, што шмат якія школы аўташколы
працуюць сабе на страту. Я ведаю канкрэтны прыклад аўташколы, якой каб гэтыя страты не цярпець, дастаткова ўзняць
кошты да 750 тысяч пры цяперашніх 600.

Такім
чынам, аўташколы падзеляцца на прэстыжныя і танныя.

"Еўрапейскае
радыё для Беларусі" пацікавілася, якім жа чынам нязначнае падвышэнне коштаў паўплывае на
чэргі. На гэта ў міністэрстве адказалі:

Перастараніна:
Ёсць попыт, таму чэргі — гэта нармальна. Калі ёсць чэргі на кватэру, то чаму не
можа быць чэргаў на аўташколы?

Цікава, перад тым каб патрапіць ў аўташколы,
дзяўчаты павінны прынесці даведку ад гінеколага, у якой пазначана, што патэнцыйная
курсантка — нецяжарная. Аднак дзякуючы сённяшнім чэргам можа скласціся
сітуацыя, калі з большай верагоднасцю здольнай навучацца будзе ўжо цяжарная
дзяўчына, якая паспее нарадзіць, знаходзячыся ў чарзе 6 і болей месяцаў.