Навошта беларусу бясплатная віза ў Венесуэлу?

Дабірацца да Каракаса трэба з дзвюма перасадкамі, а за квіток трэба
заплаціць 1058 долараў. Акрамя таго, трэба будзе пачаць рабіць прышчэпкі за
паўтара года, заплаціўшы за гэта 200 долараў Ужо праз паўгода для беларусаў, дзякуючы сяброўскім
адносінам нашай краіны з Венесуэлай, адменяць візы ў краіну Уга Чавеса. Канешне,
калі кудысьці не трэба візы – гэта добра і з’яўляецца сапраўдным аргументам пры
выбары месца адпачынку ці турызму. Аднак Еўрарадыё вырашыла разабрацца, ці
будзе адмена візаў у Венесуэлу вырашальным аргументам для вандроўкі ў гэтую
краіну.

На гэты момант, як патлумачылі Еўрарадыё ў амбасадзе
Баліварыянскай рэспублікі, турыстычная віза для беларусаў каштуе 30 долараў:

“Турыстычная віза каштуе 30 долараў. У кожным выпадку турыстычная віза
вельмі індывідуальная, як правіла, афармленне займае тыдзень”.

Аднак віза і дакументы – гэта толькі першы крок на шляху
ў краіну вадаспадаў. Да самой Венесуэлы яшчэ трэба дабрацца. Да Каракаса,
сталіцы радзімы Балівара, можна толькі даляцець. Да таго ж, і не адным самалётам.
Кампанія “Белавія” прапануе вылет з Мінску, з дзвюма перасадкамі ў Еўропе:

“Толькі з дзвюма перасадкамі, будзе дастаткова дарагі варыянт. Мінск-Вена,
Вена-Мілан, Мілан-Каракас. 1058 долараў – такі кошт квітка ў два бакі. Можна
ляцець і праз Парыж, але танней гэта не будзе, да таго ж дзве перасадкі ў любым
выпадку. Калі вы леціцё транзітам, то, не выходзячы з транзітнай зоны, віза ў
краіну перасадак вам не трэба”.

Затое ў Венесуэле насамрэч ёсць на што паглядзець!
Па-першае, гэта самы высокі вадаспад у свеце – Анхель, вышыня якога ў 10 разоў
больш за Ніягарскі. У самім Каракасе варта паглядзець не толькі саборы часоў
канкістадораў, але і Пантэон-Насьональ – дом, дзе нарадзіўся легендарны Сімон
Балівар. Да таго ж, побач, на Пласа-Балівар, знаходзіцца месца пахавання самаго
рэвалюцыянера.

Найбольш папулярным месцам для адпачынку з’яўляецца
Ісла-дэ-Маргарыта. Невялічкая выспа непадалёк ад венесуэльскага ўзбярэжжа – месца
паломніцтва для турыстаў. Кошты ў гатэлях прыкладна як і ў еўрапейскіх
сталіцах – за суткі прыйдзецца выкласці каля 70 еўра за трохзоркавы нумар на
аднаго.

Аднак перад тым, як адправіцца гуляць да венесуэльскіх
вадаспадаў, абавязкова трэба зрабіць некалькі прышчэпак. Самая распаўсюджаная
вірусная хвароба ў Лацінскай Амерыцы – жоўтая ліхаманка. Прышчапіцца можна
толькі ў 19-й мінскай паліклініцы, прычым бясплатна:

“Ад жоўтай ліхаманкі, калі вы жыхар Беларусі, то бясплатна. Трэба мець пры
сабе даведку ад тэрапеўта, што вы здаровыя”.

Як расказалі Еўрарадыё ў медыцынскім цэнтры “ЛОДЭ”, для
вандроўкі ў Венесуэлу неабходна зрабіць яшчэ прышчэпкі ад двух відаў гепатыту,
прычым за паўтара года:

“З таго, што вам можа спатрэбіцца, – гепатыт А і гепатыт В. Неабходна
прышчэплівацца па схеме: паўторна гепатыт А праз 6 і 12 месяцаў, пасля першай
прышчэпкі. Ад гепатыта В – праз месяц і праз 6 месяцаў пасля другой прышчэпкі.
Толькі пасля гэтага выпрацоўваюцца антыцелы. Адна прышчэпка ад гепатыту А
каштуе 94 тысячы рублёў, ад гепатыту В – 33 000”.

Калі падлічыць, то на прышчэпкі ад усіх спецыфічных
хваробаў Венесуэлы неабходна прамарнаваць паўтара года. Яшчэ і заплаціць
прыкладна 200 долараў…

Дарэчы, сёння турыстычных
тураў у Венесуэлу для беларусаў увогуле няма. Гаворыць Наталля, супрацоўніца кампаніі
“Белінтурыст”:

“У нас дакладна ніхто арганізацыяй такіх тураў не займаецца”.

Атрымліваецца, што калі вы ўсё ж такі вырашылі наведаць
краіну Балівара і Уга Чавеса, падрыхтуйцеся за паўтара года – гэта з
прышчэпкамі. І пачынайце прыкладна ў гэты ж час назапашваць грошы: акрамя
пералёту коштам 1058 долараў, разлічвайце на еўрапейскія кошты – з разліку
100-150 еўра на дзень – гэта аплата гатэля, ежы і экскурсій.