Наведнік рэстарана ў Курапатах напаў на пікетоўцаў

Наведнік рэстарана ў Курапатах напаў на пікетоўцаў

Увечары 6 лютага каля рэстарана "Поедем поедим" адзін з наведнікаў напаў на абаронцаў Курапатаў. Як распавёў у інтэрв'ю Радыё "Свабода" Павел Севярынец, мужчына адмыслова дзеля гэтага прыехаў да рэстарана.

"Мужчына 50-55 гадоў прыехаў на шэрай "Маздзе", нумар нам вядомы. Пачаў абражаць нас рознымі брыдкімі словамі, у тым ліку называў "жы...мі", казаў, што ў Курапатах "ж...оў" стралялі і нас "трэба страляць". Накінуўся на пікетоўца Юрася Палейку, ударыў яго ў твар, а потым накінуўся на мяне, пачаў зрываць з мяне бел-чырвона-белы сьцяг. Мы яго не чапалі, заклікалі супакоіцца. То бок з нашага боку бойкі не было", — падзяліўся падрабязнасцямі Севярынец.

Па словах Юрася Палейкі, мужчына фактычна наехаў на яго аўтамабілем, так што абаронца Курапатаў паваліўся на капот. Пасля гэтага кіроўца выскачыў з машыны і кінуўся біцца. Міліцыянты, як дадае актывіст, ніякай цікавасці да інцыдэнту не праявілі. 

Севярынец лічыць, што мужчына прыехаў дзеля правакацыі. Па яго словах, звычайна абаронцы Курапатаў раздаюць кіроўцам улёткі, пасля чаго тыя едуць далей.
 
Пікеты каля рэстарана "Поедем поедим" каля Курапатаў стаяць дзявяты месяц. Пікетоўцы патрабуюць закрыць рэстаран, бо лічаць, што ён пабудаваны з парушэннямі заканадаўства. Акрамя таго, яны падкрэсліваюць, што дзейнасць установы каля месца масавых расстрэлаў парушае прынятыя ў грамадстве нормы маралі. Уласнікі рэстарана настойваюць, што ён пабудаваны ў адпаведнасці з законам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі