“Нават з улікам павышэння ўтыльзбораў набываць аўто ў Расіі выгадней”

“Нават з улікам павышэння ўтыльзбораў набываць аўто ў Расіі выгадней”

Рэгіструючы ў ДАІ прывезеную з Расіі машыну, рыхтуйцеся раскашэліцца на добрую суму — ад сёння набыла моц пастанова ураду, якая вызначыла новыя тарыфы ўтылізацыйнага збору. За аўто, маладзейшае за тры гады, трэба заплаціць 4 мільёны 950 тысяч рублёў, за больш старую машыну — 7 мільёнаў 425 тысяч. Гэта 230 і 350 долараў адпаведна (па курсе на 4 лютага).

Ці дапаможа гэтая мера перанакіраваць беларускага пакупніка з расійскіх у беларускія аўтасалоны, цікаўлюся ў дырэктара аднаго сталічнага аўтасалона, афіцыйнага прадстаўніка Nissan у Беларусі Аляксандра Чупрыгіна.

“Цяпер, з улікам таго, што фізічнай асобе трэба будзе як мінімум 230 долараў утыльзбору заплаціць, плюс паездка ў Расію будзе каштаваць як мінімум 150 долараў — вось, ужо розніца ў 400 долараў ёсць. Ну, за нейкую сотку долараў вы будзеце рызыкаваць сваімі грашыма, ехаць невядома куды? Калі розніца ў ста доларах, то сэнсу ехаць няма, гэта калі тры тысячы, то можа быць”.

А давайце параўнаем. На сайце беларускага дылера Nissan кошт Nissan ALMERA — 548 000 расійскіх рублёў (так указана на сайце). На сайце аднаго з расійскіх дылераў Nissan знаходжу тую ж мадэль за 447 тысяч рублёў. Розніца больш, як у 1300 долараў па сённяшнім курсе расійскага рубля адносна долара.

Ідзем далей. Беларускі дылер KIA прапаноўвае па акцыйным кошце набыць KIA RIO за 8990 долараў. Лезу на сайт расійскага дылера. Там таксама цяпер акцыя і гэтую ж мадэль мне папануюць за… 4630 долараў.

Выбачайце, але нават з-за эканоміі адной тысячы долараў можна зматацца ў Маскву, а што казаць пра чаіыры тысячы?! Тым больш, не на рынак, дзе могуць падмануць, гэта афіцыйны аўтасалон.

“Не верце аб’явам, якія заманьваюць вельмі салодкім коштам, на 90% гэта будзе падман! — папярэджвае Аляксандр Чупрыгін. — Так, сапраўды могуць сказаць, што машына каштуе, да прыкладу, на дзве тысячы долараў танней, чым на самой справе. Але на ёй на чатыры тысячы дадатковага абсталявання. І атрымліваецца, што машына сапраўды каштуе танней, але ў выніку атрымаецца на дзве тысячы даражэйшай. Ці размяшчаюць аб’яву, а потым высвятляецца, што гэта з улікам нейкага трохгадовага крэдыта, ці “забыліся” ПДВ (падатак на дабаўленую вартасць. — Еўрарадыё) уставіць у кошт, ці той жа утыльзбор — хітрыкаў шмат”.

І не трэба забывацца, што па гарантыйнае абслугоўванне на набытыя там машыны трэба будзе ехаць у Расію. Добра, на 90% аб’явы з “салодкімі коштамі” падман, але ж застаюцца яшчэ 10% — як іх выявіць? Толькі калі набываць у сапраўды афіцыйнага дылера, які адзначаны на сайце вытворцы.

Па шчырасці, набываць машыны ў аўтасалонах Расіі беларусаў ездзіла не тое, каб шмат. Большасць каталася за “патрыманымі”. Ці замаўляла дастаўку такога аўто айчынным фірмам-перагоншчыкам. Ці напалохалі новыя тарыфы ўтылізацыйнага збору такіх пакупнікоў? Ні ў якім разе, запэўнівае мяне супрацоўніца адной са сталічных фірм, што спецыялізуецца на дастаўцы патрыманых аўто з Расіі.

“Розніца ў кошце аўтамабіля ў нас і Расіі ўсё ж значная. Да прыкладу, сямігадовая Audi A4 там каштуе дзесьці на 1,5 тысячы долараў танней. І нават з улікам павышэння утыльзбору гэта будзе выгадна — вы эканоміце 1150 долараў. Сёння пачалі дзейнічаць новыя кошты ўтыльзбору, але пакуль ніхто з тых, хто раней замовіў, не адмовіўся, людзі пастаянна да нас ідуць”.

Праўда, мая суразмоўца забываецца дадаць, што іх паслугі каштуюць 550 долараў. А значыць, эканомія на Audi A4 пераўтвараецца з 1150 у 600 долараў. Што, праўда, таксама не малыя грошы. Ды і бяспечней. Бо і тут мяне папярэджваюць пра небяспеку падману падчас пакупкі.

Калі агледзець аўтарынак, то вынікае: новыя тарыфы гарантавана прымусяць адмовіцца ад паездкі ў Расію тых, хто планаваў набыць “карча” за 1-2 тысячы долараў і зэканоміць якіх долараў 500-700. Бо калі ад зэканомленых адняць 350 долараў утыльзбору і выдаткі на дарогу, то нічога не застаецца. Такім чынам, калі колькасць набытых ў Расіі беларусамі аўто і зменшыцца, то ненашмат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі