Нават долар абясцэньваецца: ці можа беларус зарабіць на зберажэннях
![Пры інвеставанні важна добра ацаніць прыбытковасць і рызыкі / pexels.com](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/%D0%B3%D0%BB_3.png.webp?itok=e55wRWDv)
Пры інвеставанні важна добра ацаніць прыбытковасць і рызыкі / pexels.com
Беларусы пачалі нарошчваць банкаўскія ўклады ў рублях. З пачатку года яны павялічыліся на 5,5%, або на 360 млн рублёў, расказвае Нацыянальны банк. Аднак банкаўскія ўклады звычайна не прыносяць вялікіх даходаў. А калі цэны растуць хутчэй, чым назапашваюцца грошы, то людзі і зусім страчваюць.
Еўрарадыё даведалася, ці рэальна беларусу атрымліваць значны пасіўны прыбытак з дапамогай інвестыцый і на што звяртаць увагу, калі вы вырашылі даверыць камусьці свае грошы.
Можа, зрабіцца акцыянерам буйной кампаніі?
![Даже доллар обесценивается: может ли белорус заработать на сбережениях](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/%D0%B1%D0%B8%D1%80%D0%B6%D0%B0.jpg.webp?itok=zyChBULP)
Адзін з варыянтаў інвестыцый — акцыі. Гэта каштоўныя паперы кампаній. Чалавек, які набыў акцыі, можа разлічваць на атрыманне часткі прыбытку ў выглядзе дывідэндаў. Калі раптам кампанія збанкрутуе, то ў акцыянера ёсць права на яе маёмасць.
Купля акцый не значыць, што вы абавязкова разбагацееце. Паколькі акцыянер можа разлічваць на частку прыбытку, кампанія павінна працаваць паспяхова. Інакш размяркоўваць не будзе чаго.
— Калі чалавек хоча ўкладацца ў тую ці іншую кампанію, трэба, вядома, правесці аналіз, каб разумець фінансавы стан прадпрыемства, — кажа старшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна.
Яшчэ адзін спосаб зарабіць на акцыях — прадаць іх. У кожнай акцыі ёсць намінальная цана, напрыклад, 100 рублёў. Ёсць яшчэ рынкавы кошт. Калі кампанія паспяховая і прыносіць добрыя дывідэнды, яе акцыі можна прадаць даражэй чым за 100 рублёў. Аднак гэта працуе і ў адваротны бок.
![Даже доллар обесценивается: может ли белорус заработать на сбережениях](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph_watermark/public/paragraphs/image/1_67.png.webp?itok=GGrKpUTn)
— Ва ўдалы год сума беларускіх рублёў, атрыманых за гэтыя акцыі [простыя], меншая за 10 працэнтаў. Летась гэта азначала б, што інфляцыя была большай, чым гэтыя дывідэнды. А гэта значыць, што мы страцілі грошы, — кажа Кныровіч. — І калі мы паглядзім на 2020 год, то тады наогул не былі выплачаныя дывідэнды. Таму гульня ў Беларусі з якімі-небудзь акцыямі — гэта зусім бессэнсоўны занятак.
Калі ў вас ёсць тысяча рублёў ці нават пяць-дзесяць, лепш купіць валюту і пакласці яе пад матрац або зрабіць валютны ўклад у банку пад 3% гадавых, лічыць суразмоўца.
Можна пазычыць дзяржаве
Як альтэрнатыву можна разгледзець карпаратыўныя аблігацыі, кажа Анастасія Лузгіна. Гэта таксама каштоўныя паперы. Звесткі пра іх таксама можна знайсці на Беларускай валютна-фондавай біржы. Купіўшы аблігацыю, вы атрымліваеце некаторы працэнт, а калі скончыцца тэрмін яе звароту, кампанія выкупляе аблігацыю назад. У гэтым выпадку вы адразу ведаеце, якія працэнты вам павінны адлічваць і ў якія тэрміны.
— Тут зноў жа пытанне, наколькі добра сябе адчувае прадпрыемства, ці зможа яно своечасова абслугоўваць даўгавыя каштоўныя паперы. У Беларусі былі праблемы ў пакупнікоў карпаратыўных аблігацый — кампаніі не маглі своечасова ажыццяўляць выплаты.
Улічваючы цяперашнюю эканамічную сітуацыю, становішча прадпрыемстваў можа пагаршацца. Гэта трэба браць у разлік, працягвае Анастасія Лузгіна.
— Яшчэ варыянт — разгледзець крыптапляцоўкі. Finstore пакуль адзіная ў сваім родзе ў Беларусі. Там прадаюцца токены кампаній. Гэта аналаг тых жа аблігацый, толькі ў токенізаваным выглядзе.
Прывабнасць у тым, што можна купляць токены не толькі ў беларускіх рублях, як у выпадку аблігацыі або акцый. І прыбытковасць досыць высокая: дзесяць, адзінаццаць працэнтаў гадавых у доларах ці еўра. Для фінансавых актываў у замежнай валюце ў Беларусі гэта высокія стаўкі. Але зноў жа ёсць пытанне рызыкі. Калі патрабаванні да прадпрыемстваў на рынку аблігацый дастаткова жорсткія, то тут яны мякчэйшыя. Ёсць рызыка, што чалавек не дачакаецца выплат.
![Даже доллар обесценивается: может ли белорус заработать на сбережениях](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph_watermark/public/paragraphs/image/6_10.png.webp?itok=_xMsh11E)
На думку Аляксандра Кныровіча, калі і выбіраць аблігацыі, то дзяржаўныя. Вядома, калі стаўкі па іх вышэйшыя за інфляцыю.
![Даже доллар обесценивается: может ли белорус заработать на сбережениях](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph_watermark/public/paragraphs/image/1_1_2.jpg.webp?itok=6rB4lKbv)
Зберажэнні ў любой валюце абясцэньваюцца, калі проста ляжаць дома, але ўкладанні заўсёды спалучаныя з рызыкамі. Чым вышэйшая даходнасць, тым вышэйшыя звычайна рызыкі, адзначаюць эксперты.
— Ва ўмовах, калі беларуская эканоміка не вельмі добра сябе адчувае, гэтыя рызыкі павялічваюцца. Я не бяруся раіць выразную стратэгію, але на мой погляд, калі ў чалавека ёсць грошы і ён іх збірае для нейкай мэты, то лепш частку размясціць у найменш рызыкоўныя банкаўскія ўклады на адносна невялікі тэрмін і частку нікуды не ўкладаць. У Беларусі дзяржава гарантуе захаванасць банкаўскіх дэпазітаў на любую суму і ў любой валюце. Таму на сённяшні дзень гэта найменш рызыкоўны інструмент. Хоць, вядома, у апошнія гады давер да дзяржавы быў падарваны.
Калі чалавек усё ж хоча атрымаць больш высокую прыбытковасць, то варта дыверсіфікаваць свой партфель, укласці ў розныя інструменты. Каб не было балюча, калі, напрыклад, нешта здарыцца з той ці іншай кампаніяй, і пры гэтым мець магчымасць зарабіць, — заключае Анастасія Лузгіна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.