Мікракрэдыты ад мабільных аператараў: каму і навошта гэта трэба?

Мабільныя аператары змогуць выдаваць мікрапазыкі на суму да 7400 рублёў / Еўрарадыё
Мабільныя аператары змогуць выдаваць мікрапазыкі на суму да 7400 рублёў / Еўрарадыё

Мабільныя аператары змогуць выдаваць мікрапазыкі на суму да 200 базавых велічынь — на сёння гэта 7400 рублёў. Пра гэта 19 красавіка заявіў кіраўнік Нацбанка Павел Калаур.

Навошта гэта стала патрэбна Нацбанку? У каментары Еўрарадыё логіку такога рашэння тлумачыць эканаміст Леў Львоўскі.

"Гэта хутчэй кажа нам пра логіку Нацбанка. Нацбанк увесь 2022 год прытрымліваўся курсу на звышмяккую манетарную палітыку і ў 2023 годзе таксама працягнуў прытрымлівацца. Мы гэта бачым адразу па ўсіх каналах: з аднаго боку, Нацбанк імкнецца трымаць ключавую стаўку ўвесь час у негатыўным рэальным дыяпазоне. Гэта значыць як толькі ў нас зніжаецца інфляцыя, то мы бачым, як за гэтым ідзе паніжэнне ключавой стаўкі. Кіраўнік Нацбанка некалькі разоў казаў у інтэрв'ю, што ў нас да траціны крэдытаў у краіне — гэта ільготныя крэдыты. Гэта значыць ідэя ў тым, каб прастымуляваць унутраны попыт, запаланіўшы і банкаўскую сістэму ліквіднасцю, і спрасціўшы іншыя ўмовы для пазык".

Львоўскі звяртае ўвагу, што раней Нацбанк быў даволі строгі да новых крэдытных інструментаў: "Зараз услед за перыядам свышмяккай манетарнай палітыкі, яны пайшлі на змякчэнне іншых правілаў датычна крэдытавання. Таму можна глядзець на гэткія ідэі — што мабільныя аператары стануць фактычна мікракрэдытнымі арганізацыямі — таксама праз гэтую прызму”.

На прыкладзе Расіі відаць, што "хуткія пазыкі" часта суправаджаюцца немагчымасцю спажыўца вярнуць грошы праз хуткі рост доўгу, узятага пад велізарныя працэнты. Як жа такія канфліктныя сітуацыі будуць вырашацца у Беларусі?

“Тут усё залежыць ад заканадаўства. Калі заканадавец будзе стаяць на баку арганізацый, то тады можна чакаць і з'яўлення розных негатыўных формаў, нашталт калектараў і гэтак далей. Але калі сур'ёзных праблем не будзе і заканадавец стане на бок спажыўцоў, то не будзе. Гэта значыць існаванне або неіснаванне калектараў цалкам залежыць ад таго, што дазваляе дзяржава".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі