Навагодні чос. Рок супраць папсы

У заслужанай артысткі Беларусі Іны Афанасьевай пераднавагоднія дні амаль усе распісаныя. Замаўляюць спявачку абсалютна розныя прадпрыемствы: ад сельгаспадарчых кампаній да IT-шнікаў. Але ноч з 31-га на 1-е спявачка традыцыйна святкуе дома.

“Хочацца не напружваючыся у спакоі правесці хоць бы навагоднюю ноч, — прызнаецца Іна. — Каб была ёлачка, шарыкі, Дзеда Мароза паставіць пад ялінку, самой прыгатаваць і накрыць стол... Можа, камусьці гэта падасца недарэчным, але мне хочацца менавіта гэтага”.

Карпаратыўныя ганарары Іны Афанасьевай не адрозніваюцца ад звычайных, канцэртных, бываюць нават і цалкам дабрачынныя выступы. Хіба толькі, на сам Новы год стаўка артысткі моцна павышаецца, маўляў, калі заплацяць столькі — можна і адмовіцца ад хатняй утульнасці.

А вось у гурта “Ляпис Трубецкой” стаўленне да “навагодняга чосу” адваротнае:

“Мы ж сочым за коштавай палітыкай на квіткі, каб для наведвальнікаў канцэртаў было танней, — тлумачыць дырэктар “Ляпісаў” Яўген Калмыкоў. — Таму на карпаратывах колькі плацяць, столькі і бярэм! Праўда, адразу пасля прамовы прэзідэнта Расіі пра тое, што дзяржустановам трэба быць эканомней, шмат дамоўленасцяў зляцела. Таму ў карпаратывах мы ўдзельнічаем у пасіўнай форме”. 

Традыцыйна большасць замоваў гурту прыходзіць ад IT-шнікаў, і сам Новы год “Ляпис Трубецкой” адзначыць на працы.

Навагоднюю ноч на працы правядзе і Аляксандр Саладуха. Сцэна для яго заўсёды на першым месцы, а “з сям’ёй можна і 1 студзеня адсвяткаваць”.

“Мяне абсалютна розныя людзі запрашаюць, — узгадвае Аляксандр. — Напрыклад, днямі мяне губернатар Растоўскай вобласці запрашаў, быў грандыёзны выступ. 28-га я лячу ў Санкт-Пецярбург, буду выступаць у гатэлі на Фантанцы. Астатнія карпаратывы — па Беларусі, напрыклад, 27-га ў мяне ўвогуле іх тры... Але са сваіх касавых канцэртаў я зарабляю значна больш, чым на карпаратывах. Сёлета ў мяне былі 54 канцэрты і я зарабіў у два разы больш чым летась. Год таму — мільярд, сёлета — два, на наступны год паставіў мэту — тры!”.

А вось маладыя рокеры ў “навагоднім чосе” пакуль не ўдзельнічаюць. Да прыкладу, гурт Nizkiz, які вельмі паспяхова і актыўна правёў сыходзячы год, пакуль увогуле не замаўляюць. Не можа пахваліцца празмернай занятасцю і гурт Akute.

“Магчыма, гэта таму, што мы прапануем сваю праграму, без усялякіх кавераў, — называе прычыну даволі нізкай зацікаўленасці да рокераў басіст гурта Раман Жыгараў. — Калі параўноўваць з мінулым годам, мы ўсё адно можам казаць, што сітуацыя для нас палепшылася. Сёлета, напрыклад, мы ўпершыню адыгралі карпаратыў у Магілёве. Раней былі замовы толькі з Мінска”.

На адсоткаў 20 паменшылася колькасць пераднавагодніх выступаў у Аляксея Хлястова. Спявак думае, што адбываецца гэта з-за павялічэння колькасці кавер-бэндаў, тым больш, што асноўныя карпаратыўныя замовы паступаюць менавіта ад рэстаранаў, клубаў ды бараў.

“Цяпер замоўца эканоміць, а кавер-бэнды выконваюць любую праграму любога артыста, — тлумачыць прэтэнзію спявак. — Так бы мовіць, усё робяць у адной асобе, пры гэтым не выплачваюць аўтарскія, не ўзгадняюць выкананне песні з аўтарамі... А мы плацім падаткі, выплачваем аўтарскія ўзнагароды, дамаўляемся. Так што, мне падаецца, трэба неяк узаконіць кавер-бэнды!”

Уладальнікі “Чырвонай морквы-2013”, а адпаведна лепшы сёлетні кавер-бэнд Мінска No Comment Band прызнаюцца, што выхадныя ў гэты час — рэдкасць. Нават на навагоднюю ноч было некалькі прапановаў, але пакінулі толькі адну, каб можна было і адсвяткаваць.

“Тут усё проста: мы ж пад забаўляльнымі агенцтвамі, таму агенцтвы прапаноўваюць варыянты, замоўцы выбіраюць, — вызначае, перад кім даводзіцца выступаць фронтмэн гурта Алег “Лімон”. — Але ёсць замоўцы, якія стала выбіраюць толькі нас. Можа, адсоткаў 30 з іх — прадстаўнікі IT”.

Нягледзячы на забароны, карпаратывы бываюць і ў Змітра Вайцюшкевіча. Праўда, не шмат, але артыста гэта задавальняе. Гурт “Дай Дарогу!” у прынцыпе не вельмі прагне ўдзелу ў “навагоднім чосе”. Тым не менш, відавочна, што эстрадныя выканаўцы найбольш запатрабаваныя ў святочныя дні. Рокеры цікавяць замоўцаў карпаратываў толькі, калі ствараецца менавіта канцэртная абстаноўка.

Фота: oboi.ws

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі