Вы тут

Наталля Хершэ застаецца ў калоніі — Мінскі гарсуд адхіліў апеляцыю на прысуд

Наталля Хершэ / svaboda.org

Мінскі гарадскі суд адхіліў апеляцыю на прысуд райсуда па справе грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ, паведамляе "Наша Ніва".

У пачатку снежня суд Савецкага раёна Мінска прысудзіў Наталлі Хершэ 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму за супраціў супрацоўніку міліцыі. Яна сарвала з амапаўца балаклаву падчас жаночага маршу 19 верасня. Сваю віну жанчына не прызнала. 

Перад сённяшнім паседжаннем ў Мінгарсудзе Наталля Хершэ хадайнічала пра тое, каб ёй дазволілі ўдзельнічаць у працэсе, а таксама прасіла, каб яе праверылі на паліграфе. Але абодва хаданіцтвы былі адхіленыя. Разгляд апеляцыі прайшоў без яе — прысуд Савецкага суда па справе Хершэ пакінулі без зменаў.

Між тым брат Наталлі Генадзь Касьян у інтэрв'ю "Белсату" заявіў, што спыняцца сям'я не збіраецца і плануе звярнуцца ў Вярхоўны суд.

"Гэта мала што дасць, але мы будзем выкарыстоўваць усе механізмы", — сказаў ён.  

Знаходзячыся пад вартай, Хершэ абвяшчала галадоўку. У зняволенні яе некалькі разоў наведваў пасол Швейцарыі ў Беларусі. Па выніках размовы ў канцы снежня з беларускім міністрам Уладзімірам Макеем кіраўнік швейцарскай дыпламатыі Іньяцыа Касіс казаў, што "наша суграмадзянка мусіць быць вызваленая".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.