"Напаў са спіны": падрабязнасці атакі на брыгаду хуткай дапамогі ў Мінску

Машына хуткай дапамогі ў адным з мінскіх двароў

Машына хуткай дапамогі ў адным з мінскіх двароў / Еўрарадыё

10 лютага ў Мінску 33-гадовы мужчына з псіхічнымі парушэннямі напаў на ўрачоў хуткай дапамогі, нанёсшы аднаму з іх каля 20 удараў сякерай у вобласць галавы і твару. Напарнік кінуўся ратаваць калегу і таксама быў атакаваны пацыентам, да якога брыгада прыехала на выклік. Абодва фельчары знаходзяцца ў бальніцы. Адзін з іх расказаў дзяржканалу, як усё адбывалася.

"Мы прыехалі. Нас сустрэў бацька [пацыента]. Даў накіраванне, мы павінны былі шпіталізаваць [яго сына]. Але бацька не папярэдзіў, што ён агрэсіўны і неадэкватны. Сказаў, што ўсё добра. Можаце спакойна праходзіць. Напаў са спіны. Гэта было нечакана. Мяне напарнік пайшоў ратаваць", — кажа медык.

На дапамогу прыбег бацька мужчыны. Яго ўдалося паваліць на падлогу і выбіць з рук сякеру. Па словах пацярпелага, калі яны з калегам прыехалі на выклік, пацыент ляжаў. Яго папрасілі ўстаць, ён паслухаў і пайшоў. Пазней нешта ўпала. Павярнуўшыся, старэйшы па брыгадзе ўбачыў малодшага партнёра, які ляжыць у крыві. Пакуль ён спрабаваў дапамагчы калегу, сам атрымліваў удары па галаве.

Інцыдэнт адбыўся ў прыватным сектары на сталічнай вуліцы Пржэвальскага. Спецыяльная брыгада па перавозцы пацыентаў з псіхічнымі парушэннямі гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі прыехала па 33-гадовага мужчыну, які жыве з бацькам, каб адвезці яго ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках.

Па інфармацыі выдання "Зеркало", 33-гадовы мужчына, які атакаваў урачоў, не ўпершыню паводзіў сябе агрэсіўна з медыкамі.

"Прасілі бацьку: калі вы яшчэ раз будзеце выклікаць брыгаду — выклікайце міліцыю. Таму што ў вас вельмі агрэсіўны сын. Але ўсім заўсёды ўсё адно. Хаця на раёне выязджае з брыгадай супрацоўнік міліцыі. А ў Мінску ўсім нібыта напляваць", — кажа крыніца. рэсурсу.

На мужчыну, які напаў на медыкаў, завялі крымінальную справу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі