Вы тут

Напад з нажамі на дзяцей у Японіі, два дзясяткі параненых, ёсць ахвяры

Reuters

У Японіі ў горадзе Кавасакі мужчына, узброены нажамі, напаў на групу малодшых школьнікаў, якія на прыпынку чакалі аўтобус. Як інфармуе "Бі-Бі-Сі", загінулі два чалавекі, у тым ліку першакласніца (другая ахвяра — 30-гадовы мужчына, верагодна, бацька кагосьці з пацярпелых школьнікаў). 16 чалавек былі параненыя. Гэта вучаніцы першага класа прыватнай школы. Таксама паведамляецца пра параненую жанчыну. Яна, а таксама чацвёра дзяцей, знаходзяцца ў цяжкім стане.

Зламыснік забіў сябе — ударыў нажом у горла і памёр ужо пасля таго, як трапіў у рукі паліцыі. Матывы яго ўчынку пакуль невядомыя. На месцы трагедыі знайшлі два нажы.

Адзначаецца, што ўзровень злачыннасці ў Японіі адзін з самых нізкіх у свеце. Аднак апошнім часам павялічылася колькасць нападаў з выкарыстаннем халоднай зброі. Цяперашні напад адбыўся ў ціхім раёне Кавасакі, дзе ніколі нічога падобнага не адбывалася.