Вы тут

"Нафтан" рэзка знізіў перапрацоўку нафты

БЕЛТА

Нафтаперапрацоўчы завод "Нафтан" паведамляе, што вымушаны рэзка зменшыць перапрацоўку нафты, перадае БЕЛТА.

Гэта тлумачыцца пастаўкамі няякаснай сыравіны з Расіі. На прадпрыемстве вымушаныя пайсці на такія меры, каб абсталяванне не выйшла з ладу ад карозіі, а таксама каб прадухіліць зніжэнне актыўнасці каталізатараў, якія выкарыстоўваюцца ў працэсах перапрацоўкі нафты.

"У суботу, 20 красавіка, на прадпрыемстве пачалі паніжэнне загрузкі першасных установак па перапрацоўцы нафты, у нядзелю, 21 красавіка, магутнасці прыйшлося панізіць яшчэ на 10%. У цяперашні час загрузка ААТ "Нафтан" па нафтавай сыравіне складае менш за 55% ад узроўню першага квартала 2019 года. Цалкам спыненая перапрацоўка на ўстаноўцы АТ-8, уведзенай у эксплуатацыю ў 2017 годзе", — адзначаюць на наваполацкім заводзе.

Спецыялісты "Нафтана" кажуць, што ўтрыманне хларыдаў у расійскай сыравіне, якая ідзе па сістэме магістральных трубаправодаў "Транснафты", у дзясяткі разоў перавысіла нормы ДАСТ. Расійская "Транснафта" прызнала наяўнасць праблем і абяцае вырашыць іх на працягу некалькіх бліжэйшых дзён. 

На 23 красавіка прызначаная сустрэча расійскіх і беларускіх спецыялістаў, каб абмеркаваць шляхі выхаду з сітуацыі.