"Нафтан" пачаў падлічваць страты ад недапастаўкі нафты ў красавіку

"Нафтан" пачаў падлічваць страты ад недапастаўкі нафты ў красавіку

ААТ "Нафтан" пачало збіраць прэтэнзіі да расійскіх пастаўшчыкоў нафты, якія не выканалі сваіх абавязанні за красавік. Пра гэта інфармуе агенцтва БЕЛТА са спасылкай на намесніка гендырэктара па вытворчасці Сяргея Алтухова.

"Юрыдычная служба прадпрыемства арганізавала працу па выстаўленні штрафных санкцый у дачыненні да расійскіх пастаўшчыкоў за недапастаўкі якаснай нафты за красавік", — патлумачыў ён.

Па ягоных словах, асноўныя выдаткі, звязаныя з паніжэннем прадукцыйнасці, цяпер падлічваюцца. Алтухоў нагадаў, што напрыканцы красавіка Расія паставіла ў Беларусь няякасную нафту. У сувязі з гэтым "Нафтан" быў вымушаны знізіць аб'ём перапрацоўкі да 50%. У гэтым жа рэжыме прадпрыемства працуе дагэтуль. Намеснік гендырэктара дадаў, што будучыня з планавымі пастаўкамі якаснай нафты застаецца нявызначанай. 

Па словах галоўнага інжынера ААТ "Полацктранснафта Дружба" Міхаіла Баравога, на цяперашні час працуе толькі адзін напрамак пастаўкі нафты ў ААТ "Нафтан" — гэта галіна Сургут-Полацк. Па ёй прапампоўваецца 300 тысяч тон нафты. Напрамак Унеча-Полацк, у нафтаправодах якога знаходзіцца больш за 400 тысяч кубаметраў некандыцыйнай нафты, прастойвае. Для нармальнай працы наваполацкага НПЗ патрэбна больш за 700 тысяч тон.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі