Надзіманы атракцыён у Наваполацку перакуліўся праз абрыў стропаў

Надзіманы атракцыён у Наваполацку перакуліўся праз абрыў стропаў

Следчы камітэт называе прычыну, з якой перакулілася надзіманая горка ў Наваполацку, на якой знаходзіўся чатырохгадовы хлопчык. Цяпер ён у бальніцы.

“Ад парыву ветру адбыўся абрыў стропальнай сістэмы, якая трымае горку, — тлумачыць кіраўнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта РБ Сяргей Кабаковіч. — Існуюць правілы: уладальнікі такіх атракцыёнаў абавязаныя штодзённа правяраць працаздольнасць усёй сістэмы гэтай горкі: і тыя ж калкі, і стропальную сістэму, і нават ці здольная глеба вытрымаць гэтую горку. Ён мусіць правяраць, ці існуе які-небудзь знос. Цяпер высвятляецца, парыў ветру парваў стропы ці ўсё ж не прыняў патрэбныя меры ўладальнік батута”.

Патрабаванні да эксплуатацыі надзіманых атракцыёнаў былі зацверджаныя пастановай МНС і набылі моц 1 кастрычніка. Ініцыяваў іх распрацоўку Следчы камітэт пасля выпадку ў горадзе Горкі, калі парывам моцнага ветру прыўзняло і перакуліла два надзіманыя атракцыёны з дзевяццю дзецьмі. Тады была распачатая крымінальная справа за неналежнае аказанне паслуг. Следства сабрала доказы, якія пацвярджаюць віну ўладальніка батутаў, але да суду справа не дайшла.

Як высветлілася, 28-гадовы прадпрымальнік валодае правам на атрыманне палёгкаў, прадугледжаных законам "Пра сацыяльную абарону грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС". Хлопец пражывае ў Быхаўскім раёне, да таго ж яго справа трапіла пад закон аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі. Як даведалася Еўрарадё, прадпрымальнік пакрыў маральныя і матэрыяльныя шкоды пацярпелым (некалькі тысяч долараў агулам), актыўна дапамагаў следству. Было ўсталявана, што злачынства не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі і было здзейснена па неасцярожнасці. З улікам усяго пералічанага ды згоды бакоў крымінальная справа ў выніку была спыненая.

У Наваполацку надзіманы атракцыён перакуліўся 10 траўня, амаль праз год пасля здарэння ў Горках.

Фота: realt.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі