Начны абстрэл Запарожскай вобласці, загінула немаўля — 272-я раніца вайны

Адна з расійскіх ракет трапіла ў радзільнае аддзяленне бальніцы горада Вальнянск ў Запарожскай вобласці / @starukhofficial
Адна з расійскіх ракет трапіла ў радзільнае аддзяленне бальніцы горада Вальнянск ў Запарожскай вобласці / @starukhofficial

Сёння ўначы ў час абстрэлу горада Вальнянск Запарожскай вобласці адна з расійскіх ракет трапіла ў радзільнае аддзяленне мясцовай бальніцы. Загінула немаўля. Пра гэта распавёў старшыня Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Старух. Яшчэ адзін грамадзянскі загінуў учора падчас абстрэлу горада Арэхаў. Гэта сацработнік. Яшчэ дзве жанчыны атрымалі раненні. Расіяне трапілі ў пункт выдачы гуманітарнай дапамогі, які быў размешчаны ў будынку школы.

Учора таксама расіяне працягвалі абстрэльваць памежную Сумская вобласць. Білі са ствольнай артылерыі і з самаходных артылерыйскіх установак, распавядае старшыня Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзмітрый Жывіцкі. Учора абышлося без пацярпелых.

А ўсяго за мінулыя суткі расіяне здзейснілі каля 45 абстрэлаў па ўкраінскіх гарадах і вёсках з рэактыўных сістэм, нанеслі 5 ракетных удараў. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генеральнага штаба УСУ.

Ночной обстрел Запорожской области, погиб младенец — 272-е утро войны
Наступствы абстрэлу Запарожскай вобласці / @starukhofficial

У Генштабе таксама кажуць, што УСУ ўчора адбівалі атакі ў раёне ў Белагораўцы (гэта Луганская вобласць) і шэрагу населеных пунктаў Данецкай вобласці.

"На Крыварожскім і Херсонскім кірунках праціўнік вядзе пазіцыйную абарону, паляпшае фартыфікацыю, не спыняе артылерыйскія абстрэлы пазіцый нашых войскаў і населеных пунктаў на правым беразе Дняпра", — адзначаюць таксама ўкраінскія вайскоўцы.

Актыўнасць расіян па ўмацаванні сваіх пазіцый ва ўсходняй частцы Запарожскай і заходняй частцы Данецкай абласцей адзначаюць і ў амерыканскім інстытуце вывучэння вайны (ISW). Акрамя таго ў свежай справаздачы гаворыцца пра верагодны працяг контрнаступальных аперацый УСУ ўздоўж лініі Сватава-Крэменная (пра гэта пішуць расійскія крыніцы). Расіяне са свайго боку атакуюць у раёне Бахмута і Аўдзееўкі.

Ночной обстрел Запорожской области, погиб младенец — 272-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці 22 лістапада 2022 года / understandingwar.org

У ISW таксама мяркуюць, што Пуцін рыхтуе атаку на Белгародскую вобласць пад "чужым сцягам". Расійскія прапагандысты ўсё часцей кажуць і пішуць, што ўкраінскія войскі нібыта імкнуцца ўварвацца ў Белгародскую вобласць. Нагадаем, напярэдадні белгарадскі губернатар Вячаслаў Гладкоў апублікаваў кадры будаўніцтва ўмацаванняў на мяжы з Украінай.

"Расійскія заявы аб непазбежным нападзе Украіны на Белгародскую вобласць абсурдныя і накіраваны толькі на тое, каб напалохаць шырокую грамадскасць, каб яна падтрымала вайну. Ва Украіны няма стратэгічнай цікавасці ва ўварванні ў Расію і няма магчымасці зрабіць гэта ў такім маштабе", — кажуць у ISW

Тым часам сакратар Рады нацбяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў адзначае, што ў Расіі яшчэ шмат ракет комплексу С-300 (імі яны абстрэльваюць Запарожжа, Херсон і Харкаўшчыну). А вось з высокадакладнымі ракетамі ёсць праблемы.

"Што тычыцца высокадакладных ракет — мы выразна ўсведамляем, колькі яны на сёння іх маюць. Калі б усё было ў парадку, то яны б дакладна не звярталіся ў іншую краіну для таго, каб ім дапамагалі ракетамі", заявіў ён у эфіры "Радыё Свабода". Самая буйная ракетная атака на Украіну, нагадаем, была 15 лістапада. Тады расіяне выпусцілі па тэрыторыі Украіны амаль 100 ракет. У выніку амаль 50% энергасістэмы Украіны было выведзена са строю — гэта ацэнка ўкраінскага прэм'ер-міністра Дзяніса Шмыгаля.

На выпадак працяглых адключэнняў электра-і цеплазабеспячэння ва Украіне пачалі ствараць "Пункты нязломнасці". Пра гэта распавёў у вячэрнім відэазвароце прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. "Па выніках гэтага дня падрыхтавана ўжо больш 4 тысяч такіх пунктаў. Запланавана яшчэ больш", — сказаў Зяленскі. Праца такіх пунктаў актывізуецца па ўсёй Украіне, калі будзе разуменне, што за некалькі гадзін пастаўкі электрычнасці аднавіць не атрымліваецца. У такіх пунктах будзе бясплатна і кругласутачна  электрычнасць, мабільная сувязь і інтэрнэт, цяпло, вада і аптэчка.

Еўрапарламент сёння разгледзіць рэзалюцыю аб прызнанні Расіі дзяржавай-спонсарам тэрарызму. Напярэдадні кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк выказаў здагадку, чым можа завяршыцца галасаванне, хто можа сабатаваць працэдуру, і што гэта рашэнне будзе азначаць для РФ. "Партнёры прымуць абсалютна праўкраінскае рашэнне. Гэта значыць, Расія будзе названая краінай-тэрарыстам, гэта важна", — сказаў Падаляк.

Па яго словах, статус краіны-тэрарыста на РФ адаб'ецца репутацыйна, бо Расія не зможа быць спонсарам і партнёрам многіх мерапрыемстваў. У выніку яна страціць ключавы элемент ўплыву на замежныя эліты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі