Нацбанк уводзіць “каэфіцыент пазыковай нагрузкі”. Што гэта такое?

Нацбанк уводзіць “каэфіцыент пазыковай нагрузкі”. Што гэта такое?

З 1 мая Нацбанк плануе змяніць умовы выдачы крэдытаў у Беларусі. Рэгулятар уводзіць так званы “каэфіцыент пазыковай нагрузкі”, які складае 40%. Гэта значыць, калі чалавек ужо плаціць па крэдытах 40% ад сваіх сярэднемесячных прыбыткаў, ён не зможа атрымаць наступны крэдыт.

"Выдаткі па крэдытах, мікразаймах, лізінгу не павінны перавышаць 40% ад даходу, пра які заявіла фізічная асоба", — тлумачыць новую норму намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Лапко. Чыноўнік дадае, што банк будзе сам аналізаваць даходы і выдаткі фізічнай асобы, якая звярнулася па крэдыт.

Нацбанк уводзіць “каэфіцыент пазыковай нагрузкі”. Што гэта такое?

“Тут сітуацыя крыху парадаксальная. З аднаго боку, абсалютна правільна, што Нацбанк уводзіць такі каэфіцыент. Гэта абмежаванне рызыкаў — як для людзей, якія бяруць крэдыты, так і для банкаў, якія крэдыты выдаюць, — каментуе ініцыятыву Нацбанка старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб. — А з іншага боку, незразумела, чаму ўвогуле Нацбанку давялося ў гэта ўмешвацца. Чаму пытаннямі ўпраўлення рызыкамі не займаюцца самі банкі? Відавочна, што яны вядуць агрэсіўную і рызыкоўную палітыку крэдытавання: чым больш спажывецкіх крэдытаў выдалі — тым лепш. І вось, замест адпаведных аддзелаў, на гэта даводзіцца звяртаць увагу міжнародным фінансавым арганізацыям і Нацыянальнаму банку”.

Па звестках Нацбанка, на 1 студзеня 2018 года беларусы набралі спажывецкіх крэдытаў на 9,03 млрд рублёў. З іх 6,02 млрд рублёў —іпатэчнае крэдытаванне і 3,01 млрд — крэдыты на спажывецкія патрэбы. “Мы асцерагаемся, што банкі могуць грэбаваць пэўнымі рызыкамі пры крэдытаванні”, — заўважыў Дзмітрый Лапко.

“Гэта, відаць, праблема матывацыі. Ад таго, што банкір павялічыць выдачу крэдытаў сёння, ён атрымае прэмію. А тое, што праз год гэты крэдыт ператворыцца ў праблемны, дык гэта калі яшчэ будзе!”, — мяркуе Вадзім Іосуб.

Па звестках на 1 студзеня 2018 года, на кожнага жыхара Беларусі ў сярэднім прыходзіцца амаль 1 тысяча рублёў крэдытаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі