Нацбанк прыняў чарговыя рашэнні па дэдаларызацыі эканомікі

Праўленне Нацыянальнага банка 30 лістапада прыняло шэраг рашэнняў у галіне грашова-крэдытнай палітыкі.

У паведамленні, якое распаўсюдзіла прэс-служба Нацбанка, паведамляецца, што за апошнія два гады на фоне запаволення інфляцыйных працэсаў знізіўся і ўзровень даларызацыі беларускай эканомікі. Хаця ён па-ранейшаму застаецца высокім. напрыклад, доля валютных укладаў у агульнай структуры дэпазітаў ў студзені 2016 года складала 76,2%, а ў кастрычніку 2017-га — 67,9%.

Каб замацаваць і ўзмацніць гэтую станоўчую тэндэнцыю, з 1 студзеня 2018 г. Нацбанк павышае нарматыў адлічэнняў банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый у фонд абавязковых рэзерваў ад прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце — з 15% да 17%.

А з 1 снежня 2017 года зніжаюцца стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў з 13% да 12% гадавых. Гэта робіцца ў рамках падрыхтоўкі да пераходу з пачатку 2018 года да новага аперацыйнага арыенціру грашова-крэдытнай палітыкі — адсоткавай стаўкі па аднадзённых міжбанкаўскіх крэдытах у нацыянальнай валюце.

"Гэтыя меры будуць садзейнічаць павышэнню прывабнасці аперацый у беларускіх рублях у параўнанні з валютнымі", — адзначаецца ў прэс-рэлізе галоўнага банка краіны.

Эканаміст Вадзім Іосуб у сваім акаўнце ў Фэйсбуку зазначыў, што другая мера мае як станоўчыя, так і адмоўныя рысы. "Другая мера спрыяе павышэнню прывабнасці крэдытаў у нацвалюце, але, відавочна, зніжае прывабнасць дэпазітаў у ёй жа", — напісаў эксперт.