На вылеце з Лігі чэмпіёнаў БАТЭ губляе $10 мільёнаў — больш за бюджэт клуба

“98% у нас ставілі на БАТЭ. Бо… ну што там за карагандзінскі “Шахцёр”. Стаўкі пачыналіся з мільёна, з двух мільёнаў рублёў. Прычым ставілі на перамогу 2:0, на нічыю амаль не ставілі. А на “Шахцёр” толькі пару чалавек”, — расказваюць Еўрарадыё ў букмекерскім клубе “Алімп”.

Тут на гульні зарабілі!

Нагадаем, БАТЭ прайграла і ў Карагандзе з лікам 0:1 ды вылецела з Лігі чэмпіёнаў. А спадзяванні былі… Толькі ў адной букмекерскай канторы на барысаўчан паставілі аж 10 тысяч чалавек:

“У нас паставілі 10 тысяч чалавек. На Караганду — для параўнання — 339”, — падлічваюць свой выйгрыш у канторы “Статус-Кво”. Але тут прагназуюць, што на БАТЭ не перастануць ставіць.


“Шмат людзей — заўзятары, яны ўсё адно ставяць, незалежна ад таго, прайграе каманда ці не. Яны ўсё адно вераць”, — тлумачаць у букмекерскай канторы.


БАТЭ цяпер згубіць каля 10-12 мільёнаў долараў, адразу прагназуе эксперт, кіраўнік праекту goals.by Максім Беразінскі.


“БАТЭ апошнія гады зарабляў на Лізе чэмпіёнаў 10-12 мільёнаў долараў. Гэтыя грошы клуб не атрымае. Гэта больш за бюджэт клуба. Для любога клуба, тым больш беларускага, гэта сур’ёзны ўдар. Але гэта не праблема бліжэйшага году і асабліва праблем не будзе”, — тлумачыць Максім Беразінскі.


Але ў клуба могуць узнікнуць праблемы з замежнымі гульцамі. Бо адна справа — гуляць у еўракубку, іншая — у Беларусі.


“Гэта вялікая рызыка — набыццё замежнікаў за вялікія грошы. Але мы памятаем, як гулялі ў БАТЭ Сіміч і Брэсан. Яны дадавалі характару камандзе, эмоцыі. Магчыма, варта разгледзець такую магчымасць. Але трэба добра разумець, каго ты клічаш…”, — дадае Максім Беразінскі.


Нагадаем, у Карагандзе барысаўскія футбалісты прайгралі ўжо другі матч мясцовай камандзе. На 66-й хвіліне Крывец не здолеў рэалізаваць пенальці. А на 82-й хвіліне казахстанскія футбалісты "размачылі" лік.

Фота:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі