Вы тут

На вуліцах Мінска ўжо дзясяткі “Табакерак”, людзі патрабуюць іх прыбраць

Да і пасля: "Табакерка" на вуліцы Леаніда Бяды / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Тытунёвыя шапікі “Табакерка” павольна пачынаюць захопліваць Мінск. На выходных такі кіёск заўважылі на прыпынку на вуліцы Леаніда Бяды — за ўніверсамам “Рыга”:

"Табакерка" на вуліцы Леаніда Бяды / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

У сацсетках людзі паведамляюць і пра іншыя кіёскі на мінскіх прыпынках і скрыжаваннях, іх налічылі ўжо больш за дзясятак: на Валгаградскай, на Шаранговіча, на Любімава... На сайце “Зручны горад” з’явілася петыцыя з патрабаваннем прыбраць ужо ўсталяваныя “Табакеркі” з Мінска, а новыя шапікі не ставіць, пакуль у горадзе не пройдзе лакальны рэферэндум.

Аўтары петыцыі прыгадваюць, як 12 гадоў таму гарадскія ўлады прыбралі з Мінска ўсе камерцыйныя кіёскі. Тады гэта апраўдвалі парушэннем санітарных нормаў і эстэтычнымі прычынамі: маўляў такая форма гандлю незваротна састарэла. Што раптам змянілася? У складальнікаў петыцыі ёсць пытанне і да Міністэрства гандлю: ці адпавядае антыманапольнаму заканадаўству тое, што ўсталёўку шапікаў рознічнага гандлю дазволілі толькі аднаму бізнесмену? Гаворка ідзе пра Аляксея Алексіна і яго кампанію “Энерга Ойл”.

"Табакерка" на вуліцы Леаніда Бяды / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Не падабаюцца "Табакеркі", якія ўсталёўваюць паўсюль, у тым ліку недалёка ад школаў і лякарняў, і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Яшчэ ў траўні яны раскрытыкавалі гэты праект, назваўшы шапікі схаванай рэкламай тытуню.

— У нас ёсць сведчанні: за 150-200 метраў ад установы адукацыі стаяць шапікі. Мы ставім шапікі, дзе стаяць людзі і купляюць цыгарэты. Дзіця ідзе са школы міма гэтага шапіка, — абураўся дэпутат Андрэй Рыбак.

Але на далейшае пранікненне "Табакерак" у беларускія гарады гэта ніяк не паўплывала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.