На Віцебшчыне град знішчыў птушкафабрыку (фота)

Моцны вецер, дождж і град забілі частку маладняка на Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы, што месціцца у пасёлку Вярхоў’е.
Здарэнне адбылося 11 чэрвеня. Град пачаўся каля трох гадзін дня. Спачатку наляцеў шквалісты вецер, які пазрываў накрыўкі з вентыляцыйных шахт і лісты шыферу з дахаў птушнікаў. Потым на працягу дзесяці хвілін па будынках лупцаваў град.

Градзіны былі з гарошыну, а самыя буйныя дасягалі у дыяметры 3-4 сантыметраў. Як распавядаюць сведкі, град прабіваў шыфер, як шкло. Дождж ліў такі моцны, што ліўнёвая каналізацыя не справілася, і плыні вады лінулі ў птушнікі.

Праз паўгадзіны вада ў птушніках была амаль па калена. Работнікі птушкафабрыкі кінуліся ратаваць куранят, але было ўжо позна. Па словах галоўнага эканаміста Аляксандра Дзенісевіча, па папярэдніх падліках, утапіліся ды загінулі ад холаду амаль 18 000 куранят ва ўзросце да 40 дзён.

Рамантаваць будынкі пачалі ўжо ў панядзелак вечарам, як толькі скончыўся дождж. Як сцвярджае кіраўніцтва фабрыкі, работы там яшчэ амаль на тыдзень.

Птушка, якая загінула падчас буйства стыхіі, будзе утылізавана. З яе зробяць мясакосцевую муку для падкормкі жывёлаў. Тыя кураняты, што не ўтапіліся і не задушылі адно аднаго, пайшлі на забой. Іх, як сцвярджаюць на фабрыцы, спажываць можна.

Лічба у 18 000 загінуўшых птушак, як сцвярджаюць на птушкафабрыцы, у маштабах прамысловага прадпрыемства, нязначная. На фабрыцы гадуюць адначасова больш за мільён птушак.

Дарэчы, кучы граду вышынёй да метра праляжалі пад сценамі птушкафабрыкі больш як суткі.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі