На сваю перамогу Меркель патраціла 20 мільёнаў еўра

22 верасня ў Германіі адбыліся выбары. Паводле іх вынікаў Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС) Ангелы Меркель атрымаў большасць у парламенце. За хрысціянскіх дэмакратаў прагаласавалі каля 42% немцаў. Канцлер не хавала сваіх эмоцый:

“Сёння мы можам святкаваць, бо мы зрабілі нешта фантастычнае. Гэта супервынік”.

Сапраўды, гэта самы пераканаўчы вынік на выбарах ад 1990 года. Аднак цяпер узнікае новае пытанне: як будзе выглядаць новая кіруючая кааліцыя ў Германіі? Справа ў тым, што партнёры ХДС са Свабоднай дэмакратычнай партыі Германіі не набралі і 5%, з-за чаго не трапілі ў бундэстаг. Можна было б дамовіцца з галоўнымі супернікамі, Сацыял-дэмакратычнай партыяй, што набрала каля 26% галасоў. У 2005-2009 партыі ўжо кіравалі краінай разам, цяперашні лідар сацыял-дэмакратаў Пеер Штайнбрук быў тады міністрам фінансаў. Але зноў жа працаваць у “такім урадзе” ён не хоча.

Пеер Штайнбрук: “Мяч знаходзіцца на баку спадарыні Меркель. Яна павінна атрымаць большасць”.

Цікава паглядзець, як адрэагавалі на вынікі выбараў СМІ. На першых палосах нямецкіх газет сёння быў змешчаны здымак Ангелы Меркель. Самі артыкулы былі ў асноўным задаволенымі. Галоўны рэдактар Deutsche Welle Утэ Шэфер тлумачыць, чаму многія немцы падтрымліваюць менавіта дзеючага канцлера:

“Большасць немцаў не сутыкнулася з сур’ёзнымі скарачэннямі. І гэта тое, што ўпэўніла выбаршчыкаў. Яны хочуць пераемнасці, стабільнасці і бяспекі — за якія выступае Ангела Меркель”.

Цікава, што партыя Меркель знайшла за апошні час і новых прыхільнікаў: правацэнтрысцкай яна застаецца толькі фармальна, хаця па факце моцна “злявела”, піша Der Spiegel:

“Яна (Ангела Меркель. — заўв. Еўрарадыё) адмовілася ад ядзернай энергетыкі, адмяніла вайсковы абавязак, значна павялічыла сацыяльную дапамогу сем’ям, узяла (ненадоўга) вядучую ролю ў барацьбе з глабальным пацяпленнем, абяцала вырашыць хуткі рост арэнднай платы ў буйных гарадах Германіі, і рабіла крокі, хай і абмежаваныя, у бок паляпшэння гендарнай роўнасці”.

Цікава, што сацыял-дэмакрат Пеер Штайнбрук для паляпшэння іміджу не змог скарыстацца СМІ, якія цяпер раздаюць кампліменты Меркель. Перад выбарамі ён нават трапіў у скандал, калі газета Sueddeutsche Zeitung змясціла палітыка на вокладку, дзе той паказвае сярэдні палец. Так ён адказаў на адно з пытанняў падчас “інтэрв’ю без слоў” — праекта газеты, у якім ВІП-госці адказваюць на пытанні з дапамогай жэстаў. Публікацыю непрыстойнага жэста, за які нямецкіх кіроўцаў штрафуюць, адобрыў сам Штайнбрук.

У той жа час перадвыбарны вобраз Меркель, наадварот, быў стрыманы і сур’ёзны — магчыма, такога і чакалі немцы, якія прагнуць стабільнасці.

Цікава паглядзець і на выбарчыя бюджэты партый. Хрысціянскія дэмакраты на сваю кампанію патрацілі 20 мільёнаў еўра, у той час як сацыял-дэмакратам не хапіла 23 мільёнаў еўра, каб “зрынуць” Ангелу Меркель. “Зялёныя” і “Левыя” — абедзве партыі атрымалі па 8,5% галасоў.

Інвеставаў у выбарчую кампанію і буйны бізнес. Асацыяцыя хімічнай індустрыі выдзеліла хрысціянскім дэмакратам 100 тысяч еўра, а Свабоднай дэмакратычнай партыі Германіі — 64 тысячы еўра. Кампанія BMW вырашыла не даваць наяўных, але паабяцала бясплатна даць у карыстанне партыям, прадстаўленым у бундэстагу, свае аўтамабілі.

Мяркуецца, што бліжэйшыя пару тыдняў будуць прысвечаныя напружаным перамовам наконт кіруючай кааліцыі, якую ўжо чакае шэраг пытанняў. Як забяспечыць выплаты пенсій у грамадстве, якое старэе? Як Германія будзе паводзіць сябе ў адносінах да крызіса ў Сірыі? Як перайсці на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі? І якое ў Германіі будзе бачанне пашыранай Еўропы?

Фота: Reuters, DPA, Imago

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі