На судзе над Мажэйкам дапыталі галоўрэда "Комсомольской правды в Беларуси"

Генадзь Мажэйка на судзе / кадр з відэа

На судзе над журналістам Генадзем Мажэйкам у якасці сведкі выступіў галоўны рэдактар "Комсомольской правды в Беларуси" Сяргей Трафілаў, перадае Sputnik.

Ён расказаў, як на сайце "Камсамолкі" з'явілася нататка пра Андрэя Зельцэра, рыхтаваў Мажэйка.

"Я тузануў Генадзя, сказаў, давай мяняць загаловак, патрэбен іншы, яго хутка памянялі", — распавёў Трафілаў. Ён патлумачыў, што першапачатковы загаловак памянялі, бо ён быў "не да часу, не да месца і не да падзеі".

Трафілаў сказаў, што не памятае дакладна першы варыянт загалоўка. Па яго словах, ён прыкладна быў такім: "Аднакласніца застрэленага супрацоўніка КДБ: Андрэй быў заўсёды за праўду".

Генадзя Мажэйку судзяць у Мінскім гарадскім судзе па абвінавачванні ў "распальванні сацыяльнай варожасці або варажнечы" і "абразе Лукашэнкі". Журналіста затрымалі 1 кастрычніка 2021 года. Ён быў аўтарам артыкула пра айцішніка Андрэя Зельцэра, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ. Пасля выхаду гэтага артыкула сайт выдання быў заблакаваны. Мажэйку затрымалі ў Маскве і вывезлі ў Беларусь.

Як распавядала Еўрарадыё, Мажэйка не прызнаў сваю віну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.