Вы тут

На службовых асобаў "Амкадор-Шклоў" і "Купалаўскае" пачалі крымінальную справу

Лукашэнка падчас наведвання гаспадаркі "Купалаўскае" / president.gov.by

Пасля паездкі Аляксандра Лукашэнкі на Шклоўшчыну ўпраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Магілёўскай вобласці пачало крымінальную справу за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Фігурантамі справы сталі службовыя асобы адкрытага акцыянернага таварыства "Амкадор-Шклоў" і таварыства з абмежаванай адказнасцю "Купалаўскае" — кіруючая кампанія холдынгу. Пра гэта парталу TUT.by паведаміў начальнік фінансавай паліцыі Магілёўшчыны Аляксандр Шаройкін.

Паведамляецца, што прадпрыемству "Амкадор-Шклоў" была прычыненая шкода ў асабліва буйным памеры. Сума пакуль не называецца. Па гэтым артыкуле асабліва буйной шкодай лічыцца сума ад тысячы базавых велічынь і вышэй (ад 25 500 рублёў).

26 сакавіка фермы аграхолдынгу "Купалаўскае" наведаў кіраўнік дзяржавы. Ён абурыўся беспарадкам на фермах і на мехдвары. Фермы ён параўнаў з Асвенцімам, а кароваў назваў "абаср...нымі".  

Лукашэнка загадаў пакуль зняць з пасад усіх вінаватых і даручыў старшыні КДК Леаніду Анфімаву пачаць крымінальныя справы. Сваіх пасадаў пазбыліся кіраўнік Магілёўскай вобласці Уладзімір Даманеўскі, старшыня Шклоўскага райвыканкама Васіль Віцюноў і памочнік прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў.