На рэпетытарскі цэнтр Лівянта пачалі шэсць крымінальных спраў

Яўген Лівянт / Еўрарадыё
Яўген Лівянт / Еўрарадыё

Дэпартамент фінансавых расследаванняў пачаў шэсць крымінальных спраў на рэпетытарскі цэнтр "100 балаў". Заснавальнікаў цэнтра Яўгена Лівянта і Аляксея Іванова вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і абавязковых плацяжоў у бюджэт.

У Дзяржкантролі Лівянта, Іванова і шасцярых іх памочнікаў называюць "удзельнікамі злачыннай групы", якія з 2012 года заснавалі пяць юрыдычных асоб пад назвай "100 балаў". Рэпетытарскія офісы былі адкрытыя ў Мінску, Віцебску, Гродне, Магілёве, Полацку, Оршы, Баранавічах.

З цэнтрам супрацоўнічалі настаўнікі і выкладчыкі, якіх рэгістравалі як індывідуальных прадпрымальнікаў — іх было больш за 180 чалавек. У КДК заяўляюць, што ўсёй рэпетытарскай дзейнасцю займаліся цэнтры "100 балаў", дзе выкладчыкі-ІП фактычна былі работнікамі.

"За паслугі бацькі вучняў таксама плацілі на адрас рэпетытарскіх цэнтраў (з чэрвеня 2021 г. паступіла 14,5 млн руб.), пасля чаго цэнтры 50% атрыманых сродкаў пералічвалі ў адрас ІП па фіктыўных дагаворах аказання паслуг", — заяўляюць у КДК.

Між тым, у адпаведнасці з беларускімі законамі юрасобы могуць не наймаць людзей, а супрацоўнічаць з імі як з ІП.

У Дзяржкантролі налічылі недаплачаны падаходны падатак і ўзносы ў ФСАН з заробкаў выкладчыкаў-ІП у агульнай суме больш за 3,6 млн рублёў. "Фактычна выкарыстоўвалася схема выплаты заробку "ў канверце". Пры гэтым "заробкі" асобных выкладчыкаў даходзілі да 13 тысяч", — заяўляюць у КДК.

Паведамляецца, што падчас раследавання былі праведзеныя 23 ператрусы ў пяці абласцях (Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Брэсцкай). Маёмасць падазраваных: дарагія аб'екты нерухомасці і аўтамабілі — арыштавалі.

Цяпер падазраваныя "ў добраахвотным парадку" пагашаюць налічаную шкоду і ўжо выплацілі больш за 630 тысяч рублёў.

Рэпетытара Яўгена Лівянта затрымалі напрыканцы снежня 2022 года. Праз некалькі дзён затрымалі яго сваякоў, а таксама сузаснавальніка цэнтра "100 балаў" Аляксея Іванова. Спярша іх трымалі пад адміністрацыйным арыштам, а потым пачалі крымінальную справу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі