Рэпетытара Яўгена Лівянта перавялі ў СІЗА № 1 Мінска. Туды ж адправілі яго сваякоў — жонку Юлію Лівянт, дачку Ганну і яе мужа Мікіту Дразда. Там жа цяпер знаходзіцца калега рэпетытара Аляксей Іваноў. Гэта сведчыць пра тое, што ў дачыненні затрыманых распачалі крымінальную справу, піша @radiosvaboda.
Кіраўнік адукацыйнага цэнтра "100 балаў" Яўген Лівянт быў затрыманы 28 снежня 2022-га. У той жа дзень затрымалі саўладальніка цэнтра Аляксея Іванова, жонку Лівянта Юлію, дачку і зяця. Спачатку яны адбывалі на Акрэсціна адміністрацыйны арышт, а пасля ўзнікла крымінальная справа. Прысуджаючы арышт, таго ж Яўгена Лівянта прызналі вінаватым у "дробным хуліганстве". Цяпер жа ўсіх абвінавачваюць у "арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх". На відэа сілавікоў рэпетытар і яго дачка, а таксама Іваноў, прызнавалі свой удзел у пратэстах 2020 года.
Раней міліцыя заяўляла, што па дзейнасці цэнтра "100 балаў" праводзіцца праверка. Сцвярджалася, што ён ажыццяўляў ліцэнзійную дзейнасць, не з'яўляючыся ўстановай адукацыі.